Станіслаў Шушкевіч: ЕГУ стаў камерцыйнай установай
Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў, чаму ён паставіў подпіс пад заклікам аб стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта ў дадатак да ЕГУ.
Сёння Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт распаўсюдзіў заяву, у якой падкрэсліваецца, што “універсітэт быў створаны і працягвае існаваць дзеля Беларусі».
“Часам перамены вельмі цяжкія і не настолькі спакойныя, як многія таго б хацелі, – гаворыцца ў заяве. – Але ёсць нешта, што ніколі не зменіцца — гэта абавязак, які стаіць перад ЕГУ: наблізіць Беларусь да Еўропы, а Еўропу — да Беларусі».
Нагадаем, што не так даўно быў прызначаны новы рэктар ЕГУ – амерыканец Дэвіда Полік, што выклікала неадназначную рэакцыю ў грамадскасці. Днямі 57 дзеячоў грамадства і культуры заклікалі стварыць Нацыянальны ўніверсітэт у дадатак да ЕГУ.
Станіслаў Шушкевіч: У сваёй заяве мы канстатавалі, што ЕГУ пайшоў не ў той бок. Ён фактычна перастаў быць беларускім, хоць, па сутнасці, і не быў ім.
РР: Як Вам новы рэктар Дэвід Полік?
Станіслаў Шушкевіч: Відавочна, што ў сваёй справе ён прафесіянал. Я ведаю шмат амерыканскіх універсітэтаў, ведаю паслужны спіс спадара Поліка. Той кіраваў дробнымі і не вельмі паважанымі ўстановамі. Але мне падаецца, што гэты чалавек – не таго ўзроўню кіраўнік, які павінен быць у Беларускім нацыянальным універсітэце. Таму сёння ЕГУ – не беларускі ВНУ. Ён стаў камерцыйнай установай, якая карыстаецца тым, што мае падтрымку спонсараў. Апошнія думаюць, што ва ўніверсітэце пакутнікі займаюцца. А там і выкладчыкі не пакутнікі, і пераважна студэнты не пакутнікі.
РР: Што б Вы прапанавалі ў гэтай сітуацыі?
Станіслаў Шушкевіч: Мы хацелі б, каб ЕГУ стаў сапраўды беларускім універсітэтатам. Каб ён не траціў беларускасць. Лічым, што трэба знайсці шлях да такога ўніверсітэта. Спонсары думаюць, што дапамагаюць беларускай дэмакратычнай грамадскасці, а на самой справе грошы ідуць на падтрымку людзей, якія працуюць у ЕГУ. Апошнія маюць еўрапейскі заробак і мінімальныя клопаты.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя