Станіслаў Шушкевіч: Фактычна палітыка ўлады прывяла да такой смяротнасці
Ва ўзросце 84 гадоў памёр былы прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч.
У снежні 1991 года ён разам са Станіславам Шушкевічам ад імя Беларусі падпісаў Белавежскія пагадненні. 26 лістапада Вячаслаў Кебіч захварэў на каронавірус і быў шпіталізаваны.
Узгадвае яго Станіслаў Шушкевіч:
– Ён умеў працаваць. Ён быў высокаадукаваным чалавека. У яго было такое атачэнне, якое яго часта падводзіла. Ён быў добрым інжынерам, добрым арганізатарам, добрым менеджэрам. Вельмі крыўдна, што ён памёр на 29 гадоў і 1 дзень па падпісанні Белавежскага пагаднення. Вельмі крыўдна, што ён памёр ад каронавіруса. Таму што ў нас гэта фактычна палітыка нашай улады прывяла да такой смяротнасці. Можна было гэтага чалавека зберагчы.
Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў у сваю чаргу адзначыў вялікую ролю Кебіча ў тым, што Беларусь у 90-х гадах стала незалежнай краінай.
– Ён застаўся ў памяці ўсё ж такі як высокапрафесіянальны чалавек. Тое, што не стаў прэзідэнтам, у значнай ступені яго віна. І тое, што ён дазволіў стаць прэзідэнтам іншаму чалавеку, які зараз трымае ў сваіх руках уладу, на жаль, Кебіч гэта не зразумеў своечасова і дазволіў гэтаму адбыцца. Чалавек, які падпісаў Белавежскае пагадненне, ужо за гэта яму павага. Бо на той час трэба было мець мужнасць. І разам з Шушкевічам яны паставілі свае подпісы. Гэты акт дазволіў Беларусі атрымаць незалежнасць.
На першых прэзідэнцкіх выбарах улетку 1994 года Вячаслаў Кебіч з’яўляўся галоўным супернікам цяперашняга кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Тады ў другім туры ён набраў крыху больш за 14 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя