Станіслаў Шушкевіч: Машэраў заўсёды задаваў карэктныя пытанні



Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч успамінае пра Пятра Міронавіча Машэрава, якому 13 лютага споўнілася б 100 гадоў.

Станіслаў Шушкевіч: Я шмат разоў сустракаўся з Машэравым, і ў маёй кнізе гэта займае пэўнае месца. Напрыклад, была сустрэча з Пятром Міронавічам у 1966 годзе, калі я працаваў прарэктарам Менскага радыётэхнічага інстытута. Пасля сустракаўся ў Інстытуце прыкладных фізічных праблем, дзе загадваў аддзелам, прыязджаў Машэраў да мяне і на кафедру. Што ўспамінаецца? Ён цудоўна выглядаў, заўсёды задаваў карэктныя пытанні, ад чалавека складвалася найлепшае ўражанне. Машэраў заўважаў людзей і ўмеў слухаць.

РР: Ці праўда, што Пётр Машэраў актыўна бараніў інтарэсы рэспублікі?

Станіслаў Шушкевіч: Тут існуе шмат легенд. Але я б сказаў, што ў гэтым плане ён быў менш стойкі, чым той жа Ціхан Якаўлевіч Кісялёў. Бо, калі прыходзіла нейкая дырэктыва з Масквы, каб дамагчы прадуктамі харчавання, Машэраў адразу ж вырашаў пытанне станоўча. А вось Кісялёў упіраўся, казаў, што ў рэспубліцы таксама праблемы, якія трэба вырашаць. Хаця ў цэлым, як ужо казаў, Пётр Машэраў быў вельмі станоўчы і адукаваны чалавек. Людзі яго і праўда любілі…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя