Станіслаў Шушкевіч: „Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР”



Кніга ўспамінаў Станіслава Шушкевіча: „Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР” была прэзентавана ў Гародні. На імпрэзу прыехаў аўтар, які больш за дзесяць гадоў не сустракаўся з шырокай публікай Гародні.

P1200044

Кніга распавядае пераважна пра значныя старонкі нашай гісторыі, калі Станіслаў Шушкевіч быў фактычным кіраўніком Беларусі.

РР: Які шлях быў у Беларусі, як суб’екта міжнароднай палітыкі, і ці была гэтая суб’ектнасць пасля Віскулёўскіх пагадненняў?

Станіслаў Шушкевіч: Спачатку, калі мы пачыналі нашу дзейнасць, нават пасля Віскулёў, мы не былі суб’ектам палітыкі, нават маючы афіцыйнае запрашэнне ў Вашынгтон ад прэзідэнта Клінтана, і будучы там, многія кангрэсмены здзіўляліся: што гэта за край? І я вам прывяду словы аднаго кангрэсмена, ужо ў сталым веку, пра гэта я згадваю у кніжцы. Пасля адказаў на пытанні ў Капітоліі, снедання разам з сенатарамі і кангрэсменамі,   ён сказаў: “Дзякуй вам, што вы прыехалі з Беларусі, я заўсёды сачыў за вашай Беларуссю, а калі вы пакончылі з вашым Чаўшэску, я вас палюбіў яшэ больш!”

Уяўляеце сабе, як можна пачуваць сябе суб’ектам палітыкі? Мы тады заваёўвалі права стаць суб’ектам палітыкі, і я лічу, што мы яго заваявалі. Адзін раз у жыцці мне давялося, ну як бы “здрадзіць” здароваму сэнсу, калі я адмовіўся паехаць на саміт у Ашгабад, на самым канцы 93-га года, таму што ведаў, што тут адбудзецца: да нас не дапусцяць прэзідэнта Клінтана. Ён быў запрошаны мною, і павінен быў прыехаць. І каб захаваць магымасць яго прыняць, я “захварэў”. Дыпламатына захварэў. І мае недружалюбцы, яны паехалі ў Ашгабад. А я арганізаваў тут усё, каб прыняць прэзідэнта Клінтана, і ведаеце, пасля візіта прэзідэнта ЗША, афіцыйнага візіта, мы фактына сталі суб’ектам палітыкі. І мелі магымасьць гаварыць што, дзе, як і якое наша стаўленне.

РР: А ўдзел у еўрапейскай інтэграцыі, той жа Рады Еўропы, не хапіла часу?

Станіслаў Шушкевіч: Усё ішло да таго, каб стаць чальцом Рады Еўропы, але не паспелі, і пасля гэтага быў адваротны, так бы мовіць, рэваншысцкі захад. Як і цяпер, зразумела. Вельмі не хацелі б гэтыя праімперскія, расейскія сілы,  каб Беларусь была суб’ектам палітыкі. Так як сёння яны Украіну хочуць пазбавіць гэтага права. Зрабіць Украіну, Беларусь і Расею адным народам, нейкім там – рускім. Гэта ўсё глупства.  Я спадзяюся, што сённяшняя дасведчанасць беларускай эліты  дазваляе па-іншаму падыходзіць і захоўваць стан, калі Беларусь з’яўляецца суб’ектам міжнароднай палітыкі.

РР: Наколькі Заходнія краіны разумна ставяцца да палітыкі Расейскай Федэрацыі, і чаго спадзявацца беларусам, якія ўжо ўцягнуты ў канфлікт?

Станіслаў Шушкевіч:  Пуціну трэба было знайсці спосаб, каб падвысіць свой рэйтынг. І вы ведаеце, што: ментальнасць расейская, яна застаецца старой.  Яна паволі трансфармуецца, дарэчы, невядома ў які бок. І вось, каб гэта ў савецкі час было, то: “была бы страна родная, і нету другіх забот”, і тое, што “была бы Радзіма шчаслівая, а я там неяк пражыву”. Гэта старая нота, якую добра трымае расейскі народ, яны мяркуюць, што трэба мець вялікую дзяржаву, а Пуцін сказаў, што ён Іван Каліта, і будзе збіраць расейскія землі – усё! “Там, дзе быў расейскі ўплыў, там могуць пакрыўдзіць рускіх, я іду іх бараніць.” Вось на чым гульня. Як у старым адэскім жарце: двое моцных мужыкоў збіваюць аднаго хілага. У іх пытаюцца: навошта вы гэта робіце?

– А ён жа маленькую дзяўчынку пакрыўдзіў, трэба яму паказаць, каб больш такога не рабіў.

Тое самае робіць Пуцін. Хто крыўдзіў расейцаў ва Украіне? Ніхто. Гэта КДБэўская прадуманая правакацыя, як і выбухі гэтых часоў, каб адрадзіць чачэнскую вайну і іншыя правакацыі ФСБ. Яны добра апісаны ў добрых кніжках. Ведаеце, што той самы Літвіненка загінуў, дзякуючы таму, што ён адкрыў вочы на тое, што там рабілася. І вось паглядзіце зараз. Як зараз падняўся рэйтынг Пуціна. Я дарэчы думаў, што наогул, уся прагрэсіўная Расея стаіць на баку Пуціна. На шчасце, я быў на некаторых канферэнцыях ў Расеі. І ведаеце, сапраўдная расейская інтэлігенцыя не падзяляе такіх падыходаў. На вялікі жаль, іх не большасць. Гэта значыць, што на старым фундаменце адбудовы імперыі стаіць большасьць расейскага люду.

І цяпер ў адрозненне Пуціна з тымі, хто на Захадзе.  Вы ж бачылі, толькі прыехала Меркель, нешта тут зрабіла ў Менску: дэпутаты Бундэстагу высоўваюць яе на Нобелеўскую прэмію міру! Ну тут жа не вядома, чым гэта скончыцца, а яны думаюць: “ яна прыняла рашэнне – спыніць вайну”. Яны думаюць па-заходняму, тое, што падпісана, будзе выконвацца і адным і другім бакамі. Яны нават забыліся, што Расея не лічыць сябе бокам – удзельнікам канфлікту. Ведаеце што? Захад быў наіўным. І заходняя палітыка перарастае на мітусьню. Гэта было пры папярэднім камісарыяце. Як прыехала Беніта Ферэра Вальднэр і Хавьер Салана ў Менск, у іх пытаюцца, як вы ставіцеся да захавання чатырох умоў, да дванаццаці ўмоў? Яны кажуць: “У нас ніякіх умоў”. Яны прыехалі цалавацца з Лукашэнкам. Ён, дык можа разумней, вызваліў аднаго зняволенага. Яны думаюць, што зрабілі крок наперад. Вельмі цяжка пераконваць Захад. Растлумачваць Захаду, што ў нас адбываецца. Зараз прыехаў да нас Рыгоні. У мяне такое ўражанне, што ён таксама рабіць глупства.

Паразумення паміж Захадам і Усходам – няма. Я “як рыба аб лёд” спрабаваў неаднойчы растлумачыць грэкам, італьянцам, што адбываецца ў Беларусі. Яны не могуць уявіць, што такое можа быць. А далей… Беларуская прапаганда працуе не дрэнна. Яна доводзіць: глядзіце,  мы зрабілі крок насустрач дэмакратыі. Унеслі нейкія папраўкі, касметычныя абсалютна, у выбарчы Кодэкс. Здаровых паправак няма. Таму дзьвух з паловай тысячагадовы тэзіс Канфуцыя: “Не дай Бог вам нарадзіцца ў час перамен!” – дзейнічае ў нашыя дні.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара