Станіслаў Шушкевіч: Цудоўна, што яна ў нас ёсць
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавядае пра непаўторнасць Святланы Алексіевіч.
Станіслаў Шушкевіч: Я паглядзеў цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч, паслухаў яе прамову і магу сказаць, што гэта проста цудоўна, што яна ў нас ёсць. Цудоўна, што атрымала Нобеля. І цудоўна, што вельмі элегантна сябе паводзіла. Я ад Святланы проста ў захапленні — больш няма чаго дадаць. Проста цешуся – і ўсё. Непаўторна!
РР: Некаторыя мяркуюць, што пісьменніца можа стаць у пэўным сэнсе нацыянальным героем Беларусі…
Станіслаў Шушкевіч: Пры гэтай уладзе не можа. У нас геройства звязана зусім з іншымі справамі, пры чым тут Алексіевіч? Яна – цудоўны літаратар, заслужана перамагла. І не трэба ёй гэтае геройства, Святлану і так ведаюць лепш, чым любога іншага героя. Пётр Пракаповіч мае званне героя Беларусі. Дык што, Алексіевіч стане ў адзін шэраг з ім? Яна ж не будзе дагаджаць кіраўніцтву, як робяць многія так званыя героі. Святлана Алексіевіч вышэй гэтага. Яна прыстойны, таленавіты і працавіты чалавек, які любіць Радзіму. А тое, што піша на расейскай мове, дык ад гэтага яе творы менш значнымі не становяцца. Васіль Быкаў сам перакладаў творы на рускую мову і ніхто яго за гэта не папракаў і не папракае.
РР: Зараз з’явілася многа не толькі прыхільнікаў, але і крытыкаў пісьменніцы. Адзін разумнейшы за другога… Адкуль усё гэта?
Станіслаў Шушкевіч: Такое наша грамадства. Я вось гляджу, што нават асобныя патрыёты, якіх я шчыра паважаю, пачынаюць гаварыць, што прамова Алексіевіч патыхае нафталінам. Яны не разумеюць, што прэмія – гэта шчасце для беларускіх патрыётаў. Тыя, хто кідае камяні ў бок Святланы, выбачыцца павінны, бо не трэба зайздросціць нездаровым чынам. Трэба зайздросціць толькі самым пазітыўным чынам і ганарыцца, што ў Беларусі ёсць такі чалавек.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя