Старажытныя мапы ў Цэнтры гарадскога жыцця



У Гародні ў межах выставы „Беларусь на старадаўніх геаграфічных мапах” адбылася гістарычная дыскусія „Па слядах міфаў і гісторый. Пра што сведчаць геаграфічныя мапы старадаўняй Беларусі-Літвы”.

Доктарка сакральнай тэалогіі, рэлігіязнаўца і культуролаг Ірына Дубянецкая зазначыла, што першымі і самымі старажытнымі мапамі з’яўляюцца мапы зорнага неба.

– Тое, што да нас дайшло, уяўляеце сабе, ёсць з XV тысячагоддзя да нашай эры, XIII тысячагоддзя да нашай эры. Ёсць вельмі вядомая пячора ў Францыі ў Ласко, такая палеалітычная, і там якраз ёсць кропкавая мапа зорнага неба, на якой распазнаюцца вельмі добра Альтаір, Вега, Плеяды.

На думку дырэктара выдавецтва “Эканомпрэс” Эдуарда Куфцерына, прадстаўленыя на выставе мапы – унікльныя для ўспрыняцця.

– Да візуальнай антрапалогіі ў сучаснай картаграфіі змянілася стаўленне, у прынцыпе. Мы адыходзім ад апісальнай гісторыі, ад наратыўнай гісторыі і прыходзім да гістарычных артэфактаў як да асобных, якія гавораць на сваёй мове, часам зусім парадаксальнай, зараджанай у тым ці іншым творы. У дадзеным выпадку гэта эпоха ад Сярэднявечча да Навейшага часу, эпоха XVI і пачатак XIX века на мапах прысутнічаюць.

Паглядзець старажытныя мапы ў Гародні у Цэнтры гарадскога жыцця можна да 13 чэрвеня.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня