Старэйшай бібліятэцы Берасцейшчыны 70 гадоў



Напрацягу тыдня літаратурна-музычнымі вечарынамі, выставамі ды сустрэчамі з цікавымі людзьмі сваё 70-годдзе адзначае Пінская цэнтральная гарадская бібліятэка.

Гэта адна са старэйшых і найвялікшых бібліятэк Берасцейскай вобласці. Яна мае ў фондах 400 тысяч кніг ды абслугоўвае звыш 30 тысяч чытачоў.

Развіццё тэхналогій не выцесніць бібліятэку ў мінулае, упэўнена супрацоўніца ўстановы Аляксандра Асташонак:

– У нас ёсць чытачы ў бібліятэцы, якія маючы магчымасць карыстацца ўсімі гэтымі выгодамі цывілізацыі, тым не менш шмат гадоў з’яўляюцца нашымі сталымі чытачамі, сябрамі бібліятэкі. Я не думаю, што камп’ютар выцісне кнігу канчаткова, як носьбіт інфармацыі.

Сталы чытач Кірыл Лялько кажа, што інтэрнэт ніколі не заменіць кнігу:

– Усё адно няма той магчымасці, няма тых зносінаў, якія ты атрымліваеш з кнігай. Кніга вельмі важная ў тым плане, што яна дае нам магчымасць неяк пашырыць свой кругагляд і нашмат глыбей зразумець той працэс, нейкія рэчы. У інтэрнэце мы не зможам усё гэта ўбачыць таму, што там вялізная колькасць інфармацыі, а кніга дае магчымасць падумаць над інфармацыяй.

Тым не менш, бібліятэкары адзначаюць, што ўстанова павінна развівацца, шукаць новыя прапановы грамадству і ў першую чаргу моладзі.

Беларускае Радыё Рацыя