Старшыня АГП у Воршы: Актыўнасць грамадзян вырасла



Старшыня Аршанскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Ігнаценка адзначае, што ў апошнія месяцы заўважаецца рэзкая актывізацыя грамадзянаў.

dsc02829

Калі раней многія людзі намагаліся трымаць дыстанцыю ад любых палітычных і грамадскіх падзей, дык цяпер сітуацыя імкліва змяняецца.

На дадзены момант АГП збірае ў Воршы подпісы за адмену падатка на дармаедаў, і шэраг грамадзянаў звярнуўся да зборшчыкаў з мэтай не толькі паставіць свой подпіс, але і ўзяць падпісныя лісты, каб папрацаваць у сваім раёне. Распавядае Валянціна Ігнаценка:

– Падпісваюцца і просяць аркушы. Мне тэлефанавалі з Талочына, з Дуброўна, з Аршанскага раёна, пыталі дзе можна паставіць свае подпісы. Бачныя вялікія змены, я і раней хадзіла збірала подпісы за рамонт маста, па тым як працуе у нас медыцына. Актыўнасць значна вырасла, людзі пачынаюць разумець, у якім становішчы знаходзіцца наша краіна.

Збіраць подпісы актывісты АГП будзе яшчэ некалькі тыдняў. А 20-га лютага подпісы ў Менску будуць перададзеныя ў органы ўлады. Паралельна зборы подпісаў за адмену Дэкрэта № 3 вядуцца і ў іншых гарадах краіны.

dsc02836

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша