Старшыня БАЖ Бастунец выкліканы ў СК на допыт
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец выкліканы 16 снежня ў Следчы камітэт на допыт па крымінальнай справе.
„Андрэя Бастунца выклікаюць на допыт у 10.00 у якасці сведкі па крымінальнай справе, распачатай паводле арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь)”, — паведамляе прэс-служба БАЖ.
З чым можа быць звязаны выклік на допыт, Бастунец не ведае.
ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў” — добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб’яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю або спрыяюць яе развіццю. Як адзначае прэс-служба, у апошнія месяцы ў межах статутнай дзейнасці БАЖ аказвае дапамогу членам асацыяцыі, чые правы парушаюцца.
Андрэй Бастунец з’яўляецца членам асноўнага складу Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, створанай у жніўні з ініцыятывы экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай. 19 жніўня КР правяла першае пасяджэнне, на якім быў абраны прэзідыум. У яго склад увайшлі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, міжнародны медыятар Лілія Уласава, прадстаўнік МТЗ Сяргей Дылеўскі, юрыст Максім Знак, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава і былы кіраўнік Купалаўскага тэатра экс-дыпламат Павел Латушка. 20 жніўня Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці КР распачатая справа на падставе арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Справу прыняло да вытворчасці галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарату СК.
Рэпрэсіі закранулі ўсіх членаў прэзідыума і большасць членаў асноўнага складу КР — многія з іх трапілі пад крымінальны пераслед, былі затрыманыя або вымушана паехалі за мяжу.