Старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук арыштаваны
Старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук пакараны 15 суткамі арышту пастановай суда Фрунзенскага раёна Менска, паведаміла БелаПАН намесніца кіраўніка партыі Вольга Харламава.
„Прозвішча Кучука з`явілася ў спісах тых, чыя справа разглядалася ў судзе Фрунзенскага раёна Менска. Суддзя Ярохіна пакарала яго 15 суткамі па частцы 1 артыкула 24.23 КоАП (па новым КоАП — „парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”)”, — сказала Харламава.
Паводле яе слоў, гэта ўсё, што вядома. Няма інфармацыі, за што канкрэтна асуджаны Кучук і дзе ён цяпер знаходзіцца. „На Акрэсціна пакуль не пацвярджаюць, што ён у іх”, — адзначыла намеснік старшыні партыі. Вольга Харламава звязвае затрыманне і арышт Кучука з тым, што ён быў заяўнікам забароненага „Чарнобыльскага шляху”. „Акцыю не дазволілі, і была такая рэакцыя”, — лічыць палітык.
Сувязь з Дзмітрыем Кучуком прапала каля 18.00 26 красавіка. Перад гэтым ён паспеў паведаміць БелаПАН, што невядомыя ламаліся ў дзверы партыйнага офіса. „Невядомыя прыкладна паўгадзіны таму стукалі і тэлефанавалі ў дзверы офіса. Я ў гэты час быў у прамым эфіры, таму не адкрываў. Пазней у офісе прапала электрычнасць і інтэрнэт”, — расказаў старшыня партыі „Зялёныя”.