Старшыня Берасцейскага гарвыканкама сустрэўся з праціўнікамі акумулятарнага завода (абноўлена)
Актывісты адрэагавалі на сустрэчу кіраўніка Берасця з праціўнікамі будаўніцтва і запуску акумулятарнага завода кампаніі „АйПаўэр”. Яна адбылася адразу пасля традыцыйнай нядзельнай акцыі па „кармленні галубоў” у памяшканні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:
– Улады бачаць, што нічога зрабіць з людзмі не могуць, таму вырашылі пайсці на дыялог. Акрамя ўсяго іншага людзям дапамагаюць нават тыя, хто працуе на гэтым прадпрыемстве, хто ўдзельнічае ў праверках, у лабараторных даследваннях. Людзям прыходзіць інфармацыя пра перавышэнне норм. Не схаваеш гэта ў стагоддзе інтэрнэту, хоць і галоснасці ў нас няма, але інтэрнэт дзякуй Богу ёсць. Таму я думаю, што недзе наверсе ўжо пайшла размова, што трэба нешта рабіць з гэтым заводам, таму і з людзьмі пачынаюць ужо размаўляць. Я спадзяюся, што гэты завод закрыюць. Тое, што Рагачук сустракаўся з людзьмі, без згоды зверху ён сам не рызыкнуў бы на такі крок.
Для некаторых з актывістаў сустрэча з кіраўніцтвам гораду сталася нечаканасцю, пасля таго як больш за год мясцовыя ўлады ў асноўным пазбягалі такіх спатканняў.
Таксама людзі чакаюць вынікаў прыёмнай камісіі на заводзе, завяршэнне работы якой запланавана на аўторак 11 чэрвеня і анансаванай Аляксандрам Рагачуком на сераду 12 чэрвеня сустрэчы актывістаў з кіраўніком вобласці Анатолем Лісам.
У Telegram-каналах праціўнікаў заводу меркаванні падзяліліся. Некаторыя звязваюць гэты крок уладаў з маючымі адбыцца Еўрапейскімі гульнямі, выбарамі, альбо святкаваннем 1000-годдзя.
* * *
На сустрэчу са старшынём Берасцейскага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком, якая адбылася 9 чэрвеня ў будынку абласной арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, сабралася больш за 400 праціўнікаў акумулятарнага завода. Такія дадзеныя прыводзіць адзін з удзельнікаў сустрэчы праваабаронца Уладзімір Вялічкін, паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, ініцыяваў сустрэчу асабіста кіраўнік берасцейскай адміністрацыі.
Да прысутных сёння а 12-й гадзіне на плошчы Леніна ў Берасці праціўнікаў будаўніцтва завода выйшаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Берасцейскага гарвыканкама Генадзь Іванчын. Ён запрасіў іх да 12.40 на сустрэчу з Рагачуком.Сустрэча доўжылася 35 хвілін. Яе ўдзельнікі патрабавалі закрыцця небяспечнага завода. Старшыня гарвыканкама прапанаваў групе актывістаў з 10 чалавек сустрэцца ў бліжэйшую сераду, 12 чэрвеня, са старшынём аблвыканкама Анатолем Лісам, каб абмеркаваць сітуацыю.
У сваю чаргу актывіст Дзям’ян Лепясевіч прапанаваў да сустрэчы зачыніць завод, на якім цяпер вядуцца пусканаладачныя работы. Паводле яго слоў, людзі асцерагаюцца, што 11 чэрвеня прыёмачная камісія падпіша акт аб уводзе завода ў эксплуатацыю.
Старшыня гарвыканкама паабяцаў, што сёння ж данясе да кіраўніка аблвыканкама гэтую інфармацыю.
Як паведамлялася, напярэдадні ў інтэрнэце была апублікаваная дакладная запіска абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў Берасцейскі аблвыканкам пра перавышэнне нарматываў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра акумулятарным заводам у перыяд правядзення пусканаладачных работ. У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што ўсталяваныя перавышэнні нарматыўных выкідаў „па пяці крыніцах”. Таксама ў дакладной запісцы ўтрымліваецца просьба „даручыць усім зацікаўленым прыняць неадкладныя меры па прадухіленні парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства”.
Як заявіў БелаПАН актывіст Дзмітрый Бекалюк, улады пайшлі на кантакт з праціўнікамі завода, таму што „пройдзены пункт невяртання”, прыродаахоўнымі службамі дакументальна зафіксаваныя факты выкідаў. Ён паведаміў, што пусканаладачныя работы, якія вядуцца з красавіка, падаўжаліся ўжо тры разы і акт прыёмкі тройчы не падпісваўся па экалагічных пытаннях.
Лепясевіч лічыць, што калі 11 чэрвеня чарговы раз не будзе падпісаны акт прыёмкі небяспечнага прадпрыемства ў эксплуатацыю, ва ўладаў будзе важкі аргумент для закрыцця завода.
Пасля сустрэчы са старшынём гарвыканкама, прыкладна ў 13.15, праціўнікі завода зноў прайшлі па цэнтральных вуліцах горада Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь”, пасля чаго разышліся. Сустрэча завяршылася без інцыдэнтаў.