Старшыня БНФ накіраваў уладам звароты наконт беларускай мовы на дзяржсайтах



Старшыня Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” накіраваў у органы ўлады звароты датычна выканання сайтамі дзяржаўных органаў і арганізацыяў патрабаванняў заканадаўства па абавязковым размяшчэнні інфармацыі на беларускай мове.

У сваім лісце лідар БНФ віншуе кіраўнікоў дзяржаўных органаў з абвешчаным ЮНЭСКА днём роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, а таксама нагадвае, што ад 1 студзеня 2019 года ўступіла ў сілу Пастанова Савета Міністраў  ад 23.10.2017 № 797 Аб унясенні змянення і дапаўненняў у Палажэнне аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый. Гэтай пастановай унесены карэктывы ў Палажэнне аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, зацверджанае пастановай Урада ад 29 красавіка 2010 г. № 645 (афіцыйнае апублікаванне зменаў у Палажэнне на сайце pravo.by).

Нагодай да зваротаў стаў праведзены актывістамі Партыі БНФ і Моладзі БНФ маніторынг сайтаў выканкамаў рознага ўзроўню, міністэрстваў, асобных дзяржаўных прадпрыемстваў, якія згодна з палажэннем ад 1 студзеня абавязаныя мець на сваіх сайтах вызначаны аб’ём абавязковай інфармацыі на беларускай мове.

Як адзначае старшыня БНФ Рыгор Кастусёў, далёка не ўсе дзяржаўныя органы выконваюць гэтае патрабаванне заканадаўства:

– Падчас маніторынга выявіліся дзржаўныя сайты, якія сапраўды спрыяльна ставяцца да роднай мовы – там інфармацыя змешчаная па-беларуску ў большым аб’ёме за той, што вызначаны заканадаўствам, і пададзеная ў зручнай для спажыўца форме.

Але на пераважнай большасці агледжаных нашымі валантэрамі сайтаў дзяржаўных органаў выяўленыя тыя альбо іншыя парушэнні ўстаноўленых Саветам Міністраў стандартаў датычна прадстаўленасці інфармацыі на дзьвух дзяржаўных мовах. У асобных выпадках здараецца так што ўвогуле няма аніякай адсылкі на беларускамоўную вэрсію сайта, часам даволі дзіўнымі (і відавочна супрацьзаконнымі) з’яўляецца адсылкі да гугл-перакладчыка, які перакладае старонку ў аўтаматычным рэжыме.

Мы накіравалі ў гэтыя дзяржаўныя органы лісты з прапановай выправіць гэтыя парушэнні, нагадаўшы пра патрабаванні заканадаўства. Мы цяпер не маем на мэце кагосьці звінаваціць як горшага а кагосьці адзначыць як лепшага – нашая задача каб дзяржаўныя сайты выконвалі заканадаўства і не парушалі правы грамадзян. У цяперашніх умовах развіццё беларускай мовы на дзяржаўных сайтах – гэта не толькі пытанне зручнасці для грамадзян і доступу да інфармацыі аб працы дзяржорганаў, цяпер гэта яшчэ і пытанне дзяржаўнай бяспекі, пытанне ўстойлівасці беларускай дзяржаўнасці.

Спадязюся наш зварот падзейнічае станоўча і сытуацыя з прадстаўленасцю на дзяржаўных сайтах беларускай мовы палепшыцца згодна з патрабаваннямі закона. Зрэшты, ад 1 студзеня дынаміка пазытыўная ўжо ёсьць – ад гэтай даты колькасць беларускамоўных вэрсіяў на афіцыйных сайтах істотна павялічылася.

Звароты старшыні БНФ накіраваныя ва ўсе рай- і гарвыканкамы, у аблвыканкамы, у міністэрствы і асобныя дзяржаўныя прадпрыемствы – агулам каля 200 дзяржаўных  арганізацыяў.

Атрымаўшчы адказы у вызначаны заканадаўствам тэрмін актывісты БНФ плануюць працягнуць маніторынг сайтаў, на якіх былі выяўленыя парушэнні. У выпадку невыпраўлення хібаў кіраўніцтва арганізацыі будзе падаваць скаргі ў міністэрства інфармацыі дзеля таго, каб прымусіць сайты-парушальнікі да выканання патрабаванняў заканадаўства.

narodny.org