Старшыня КДБ распавёў пра затрыманні “здраднікаў” сярод сілавікоў
Іван Церцель заявіў, што праціўнікі плануюць далейшыя меры па дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Пра гэта старшыня Камітэта дзяржбяспекі заявіў у Савеце Рэспублікі, прадстаўляючы законапраект “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці”, які ўводзіць смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве для чыноўнікаў і сілавікоў.
Церцель распавёў, што супрацоўнікі КДБ з пачатку года затрымалі больш за дзясятак супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і дзяржаўных службоўцаў, нібыта завербаваных замежнымі спецслужбамі. Церцель таксама распавядаў пра актывізацыю “выведкі спецслужбаў калектыўнага Захаду супраць Рэспублікі Беларусь”, і пра тое, што іх планы, якія распаўсюджваюцца на перыяд 2024-2025 гадоў, прадугледжваюць здзяйсненне акцый, скіраваных на падрыў стабільнасці ў краіне.