Старшыня сельсавету ў Аршанскім раёне цісне на старэйшыну



Старшыня Бабініцкага сельсавету, што на Аршаншчыне, распачала адкрытае цкаванне старэйшыны вёскі Стаўры.

Ігар Грышанаў, жыхар вёскі Стаўры Аршанскага раёна, 6 траўня звярнуўся з заявай у міліцыю, каб абаранілі яго права на асабістае жыццё. Да гэтага часу яму даводзілася змагацца толькі за правы аднавяскоўцаў і бараніць іх інтарэсы. З 2004 года Грышанаў выконвае абавязкі старэйшыны вёскі.

5 траўня зранку Грышанаў патэлефанаваў у Бабініцкі сельсавет да старшыні Марыны Матвеевай з просьбай, каб да Дня Перамогі адрамантавалі агароджу ля могілак, якую зламалі трактарам. А яна яму адказвае:

– Вы не з’яўляецеся старэйшынам. Я сама буду вырашаць што і калі рабіць.

Праз гадзіну Матвеева прыехала на машыне і на шчыце для абвестак і ў іншых месцах вёскі расклеіла аб’явы наступнага зместу:

«Па выніках праведзенага сходу грамадзян, ініцыятарам якога быў Бабініцкі сельскі выканаўчы камітэт, прапанаваныя старшынёй сельсавета кандыдатуры  Шульгіной Р.Т. і Сліжовай А.Б., як старэйшыны населенага пункта, падтрыманы не былі. Кандыдатура Грышанава І.І.  на галасаванне не выносілася, таму што ён з’яўляецца пастаянным жыхаром Оршы і пражывае там у сваёй кватэры. (Далей указаны адрас кватэры, якая знаходзіцца ў прыватнасці Грышанава, але ў якой ён не жыве і не прапісаны – заўвага. аўт.) Таму ў цяперашні час пытанне аб выбранні старэйшыны вёскі не вырашана.

Усім грамадзянам па надзённых пытаннях звяртацца ў Бабінічскі сельсавет. Кожны чацвер з 11.30 да 13.00 будзе ажыццяўляцца выязны прыём грамадзян  старшынёй Бабініцкага сельсавета на месцы прыпынку аўтамагазіна».

Месца прыпынку аўтамагазіна – якраз ля дома Грышанава, насупраць знесенага клуба.

Як мы ўжо падрабязна паведамлялі, Ігар Грышанаў з 2004 года выконваў абавязкі старэйшыны вёскі. У мінулым годзе ААТ “Аршанская птушкафабрыка” зруйнавала вясковы клуб, не ўлічваючы пажаданні вяскоўцаў. Грышанаў ад імя стаўроўцаў звяртаўся па дапамогу ў розныя інстанцыі, апошняя заява была скіраваная ў суд Аршанскага раёну. Заява па сутнасці не была разгледжана.

Праз тыдзень пасля паседжання суда, 30 красавіка, старшыня Бабініцкага сельсавету сабрала сход вяскоўцаў, каб выбраць іншага старэйшыну вёскі. Але жыхары не пагадзіліся з яе прапановамі і настойвалі на тым, каб застаўся Ігар Грышанаў. Не завяршыўшы сходу, Марына Матвеева села ў машыну і паехала з вёскі.

Вяскоўцы былі абураныя такімі паводзінамі мясцовага кіраўніцтва. Але замест таго, каб улічыць інтарэсы жыхароў і працягваць працаваць на паляпшэнне дабрабыту вяскоўцаў, старшыня Бабініцкага сельсавету пачала актыўнае цкаванне Ігара Грышанава.

Крысціна Авакумава, Беларускае Радыё Рацыя