Старшыня Слонімскага райвыканкама даў прэс-канферэнцыю



Старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі ў Слоніме правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў мясцовых СМІ. На канферэнцыі прысутнічалі супрацоўнікі “Газеты Слонімскай”, раённай газеты “Слонімскі веснік” і слонімскага тэлебачання. Гэта ўжо не першая канферэнцыя для мясцовых журналістаў, якую праводзіць старшыня райвыканкама.

У пачатку канферэнцыі Алег Таргонскі распавёў пра поспехі і пралікі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Слонімшчыны за першы квартал бягучага года. У прыватнасці, найбольш стратнымі на Слонімшчыне сёння з’яўляецца будоўля, транспарт і вёска. Стратнымі за першы квартал сталі 17 арганізацый раёна. Сярэдні заробак на Слонімшчыне за першы квартал склаў 549,5 рублёў. На ўліку ў цэнтры занятасці насельніцтва сёння стаіць 243 чалавекі. За два месяцы на Слонімшчыне былі звольнены 469 чалавек, а прыняты на працу – 427. Такія лічбы агучыў перад журналістамі старшыня Слонімскага райвыканкама. Ён таксама адказаў на пытанні слонімскіх журналістаў.

Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім