Старшыня выбаркама палічыў допіс ад «NEXTA Live» «фэйкам»



У 15:05 ў Telegram-канале «NEXTA Live» з’явіўся допіс. Паводле яго, ад імя намесніка старшыні Берасцейскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вольгі Дзямко, просяць «перадаваць інфармацыю пра факты парушэння Выбарчага кодэкса з боку дэструктыўна настроеных назіральнікаў». За некалькі гадзінаў, допіс пабачыла 118 000 карыстальнікаў.

З самой Вольгай Дзямко звязацца не ўдалося, але сваё меркаванне на гэты конт выказаў старшыня згаданай камісіі Аляксандр Каляда:

– Я не знаёмы з гэтым тэкстам і не знаёмы з тым, што апублікавана ў Тэлеграм-канале. Я нават не ўпэўнены, што такі дакумент быў. Таму што гэты Тэлеграм-канал, з майго пункту гледжання, актыўна выкарыстоўвае ўсялякага роду фэйкі. Я лічу, што гэта фэйк.

РР: То бок вы дапускаеце тое, што гэта несапраўдны дакумент?

– Так.

Сам «NEXTA Live» публічна не раскрывае крыніцу паходжання згаданага ліста. З поўным тэкстам імавернага дакумента з пазнакай « ВЕСЬМА СРОЧНО » можна азнаёміцца на дадзеным Telegram-канале.

Беларускае Радыё Рацыя