Старшынёй „Моладзі БНФ” абрана Ганна Смілевіч
Старшынёй маладзёжнага крыла Партыі БНФ „Моладзь БНФ” абраная актывістка і прэс-сакратар арганізацыі, 18-гадовая Ганна Смілевіч. Такое рашэнне прынята на VII з’ездзе арганізацыі, які праходзіў 24 снежня ў Менску.
У з’ездзе бяруць удзел каля 60 актывістаў з розных рэгіёнаў Беларусі.
З прывітальным словам да дэлегатаў звярнуўся старшыня партыі Рыгор Кастусёў. „Ідэя „Моладзі БНФ” жывая. Многія людзі, якія стваралі арганізацыю, зараз з’яўляюцца актывістамі Партыі БНФ, яны верныя той ідэі, з якой прыйшлі сюды, — адзначыў палітык. — Спадзяюся, што праз гады мы будзем з вамі сустракацца ўжо ў іншай Беларусі, без гэтага рэжыму. І спадзяюся, што хто-небудзь з вас ужо будзе займаць кіруючыя пасады”.
Юрый Лукашэвіч, які ўзначальваў з 2015 года маладзёжнае крыло Партыі БНФ, нядаўна абраны намеснікам старшыні Партыі БНФ, паўторна вылучаць сваю кандыдатуру не стаў. Ён адзначыў, што пасля спынення дзейнасці маладзёжнай структуры ў 2012 годзе праз тры гады яе фактычна давялося ствараць зноў. Зараз, падкрэсліў Лукашэвіч, „Моладзь БНФ” аб’ядноўвае па ўсёй краіне больш за 700 чалавек, некаторыя з іх ужо падпалі пад рэпрэсіі за сваю дзейнасць: былі адлічаныя з ВНУ ці пазбавіліся працы.
Старшыню арганізацыі абіралі шляхам тайнага галасавання. Першапачаткова на кіруючую пасаду прэтэндавалі сем кандыдатаў, аднак пяцёра з іх узялі самаадвод. У выніку ў выбарах удзельнічала Смілевіч і 21-гадовы актывіст Мікіта Краснакуцкі. У выніку за кандыдатуру Краснакуцкага прагаласавала 44% дэлегатаў, Смілевіч падтрымалі 57,4% тых, хто галасаваў.
Новаабраная старшыня „Моладзі БНФ” паабяцала найперш заняцца ўмацаваннем дзеючых у рэгіёнах ячэек арганізацыі і стварэннем новых структур, а таксама актыўна ўстанаўліваць кантакты па лініі міжнароднай маладзёжнай арганізацыі. Смілевіч мае намер „рабіць усё для таго, каб” Моладзь БНФ „квітнела, развівалася і актыўна дзейнічала па ўсёй краіне”.
Таксама дэлегаты з’езда прынялі змяненні ў статут арганізацыі, якія тычацца дзейнасці яе рады (савета).
belapan.by