Старшыню Бабініцкага сельсавета хвалюе, дзе і з кім начуе старэйшына вёскі



На парадку дня сходу вёскі Стаўры Аршанскага раёна разглядалася асноўнае пытанне: дзе начуе старэйшына вёскі Ігар Грышанаў.

Старшыня Бабініцкага сельскага Савета Марына Матвеева абвясціла пра тэрміновы збор вяскоўцаў 30 красавіка. У аб’яве не было паказана ні месца збору, ні тэма размовы. Пасля званкоў вяскоўцаў у сельсавет з’явілася новая аб’ява з парадкам дня: пажарная бяспека, свіная чума і тлустым шрыфтам было выдзелена трэцяе пытанне – пераабранне старэйшыны вёскі. Гэтае пытанне, хоць і было пазначана як апошняе, насамрэч было галоўнай прычынай сходу.

Першыя два пытанні, абвешчаныя на парадку дня, і некаторыя іншыя (пра вываз смецця, напружанне ў электрасетцы, ачыстка берагавой часткі вадаёма, рамонт дарогі) абмеркавалі хутка і досыць спакойна.

Матвеева абвясціла наступнае пытанне: перавыбранне старэйшыны вёскі. Вяскоўцы ўсе ў адзін голас сказалі, што яны за тое, каб ім быў, як і раней, Грышанаў. Старшыня сельсавета сказала, што гэтая кандыдатура не прымаецца і не абмяркоўваецца, бо ён “не начуе дома”. На што Грышанаў адказаў: «Каб ведаць, дзе я сплю, трэба са мною спаць».

Вяскоўцы не сталі ўдакладняць у Матвеевай, адкуль у яе такія звесткі і чаму гэта яе так хвалюе. Самім жа ім ніколі і ў галаву не прыходзіла думка сачыць ні за старэйшынам вёскі, ні за старшынём сельсавета, ні за кім-небудзь з чыноўнікаў Аршанскага райвыканкама: хто, дзе і з кім спіць.

Па Палажэнні аб старэйшынах населеных пунктаў Бабініцкага сельсавета, зацверджанага ў 2010 годзе, старэйшына абіраецца на сходзе жыхароў вёскі тэрмінам на 2 гады з пастаянна пражываючых жыхароў.  У тым жа дакуменце сказана, што старэйшына лічыцца абраным, калі за яго прагаласавала больш за палову грамадзян, прысутных на сходзе. У п.2.4 ўдакладняецца, што «З правам дарадчага голасу ў сходзе могуць удзельнічаць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, размешчаных на тэрыторыі дадзенага населенага пункта». У сходзе павінны ўдзельнічаць не менш за 25% грамадзян (ад 18 гадоў і старэй), якія пастаянна пражываюць на дадзенай тэрыторыі.

У дадзеным сходзе ўдзельнічалі 50% вяскоўцаў, і ўсе яны адзінагалосна выступілі за абранне старэйшынам іх вёскі Ігара Грышанава. Быў складзены пратакол, які ўсе прысутныя мясцовыя жыхары падпісалі ўласнаручна.

Грышанаў з 1999 года афіцыйна зарэгістраваны ў Стаўрах, на вуліцы Пуцяціна, у доме №79, які пакінуў яму ў спадчыну бацька. У гэтым жа доме пастаянна пражывае састарэлая маці Ігара, якую ён даглядае. На яго сядзібе знаходзіцца працоўнае месца. Ён мае 1,5 га зямлі. Стварыў фермерскую гаспадарку і аграсядзібу «Пуцяціна».

Пра ўсё гэта выдатна ведае старшыня Бабініцкага сельсавета Матвеева. Яшчэ раз пра ўсё гэта ёй спрабавалі давесці вяскоўцы, але яна стаяла на сваім: «Грышанаў дома не начуе». На пасаду старэйшыны прапанавала на выбар кандыдатуры дзвюх жанчын. Адна з іх прысутнічала на сходзе і адразу ж дала самаадвод на карысць Грышанава. Другой патэлефанавалі, і яна таксама адмовілася ад гэтых абавязкаў і сказала, што ўсіх іх задавальняе існуючы старэйшына.

Вяскоўцы былі абураныя паводзінамі кіраўніцтва сельсавета: іх не слухаюць, меркаванне іх цалкам ігнаруюць, імі грэбуюць. Пасля працяглых спрэчак, не завяршыўшы сходу, Матвеева села ў машыну і паехала.

На пачатку сходу, калі абмяркоўваліся бытавыя пытанні, старшыня сельсавета сказала: «Няма чаго вам скардзіцца, у вас і так лепш, чым у іншых». І ў гэтым яна мела рацыю, толькі не дадала, чыя гэта заслуга.

Грышанаў з’яўляецца старэйшынам вёскі з 2004 года. За гэты час ён дамогся, каб у вёсцы правялі вадавод, газ, зрабілі дарогу. Дзякуючы яго намаганням многія вярнуліся жыць у вёску ў дамы сваіх бацькоў. Вёска вымірала, цяпер яна жыве. Сваімі сіламі вяскоўцы паставілі помнік загінулым у час Другой сусветнай вайны. Пастаянна самі арганізуюць суботнікі, каб падтрымаць парадак у вёсцы, розныя культурныя мерапрыемствы, праўда, апошні год збірацца вяскоўцам няма дзе – знеслі іх клуб (але пра гэта іншая гісторыя).

Зрэшты, тая гісторыя напрамую звязана са спробай старшыні сельскага Савета Матвеевой «звергнуць існуючую ўладу» ў вёсцы і замяніць Грышанава хоць кім-небудзь, абы «не даставаў» прадстаўнікоў улады з прэтэнзіямі ад імя «вёскі».

А зараз крыху з гісторыі стаўроўцаў.

Старэйшына вёскі Стаўры: Першы бой мы прайгралі, але асноўная бітва наперадзе

24 красавіка ў судзе Аршанскага раёна і Воршы праходзіла пасяджэнне суда па скарзе Ігара Грышанава, старэйшыны вёскі Стаўры Аршанскага раёна. У якасці адказчыка выступала ААТ «Птушкафабрыка Аршанская».

Суддзя Наталля Архіпава адмовіла ў разглядзе скаргі, па сутнасці, у «сувязі з пропускам тэрміну звароту ў суд, усталяванага ў грамадзянска-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь».

З юрыдычнага пункту гледжання ўсё было правільна. Пасля апошняга звароту ў чарговую інстанцыю прайшло больш за месяц. А з чалавечага пункту гледжання – усё было няправільна.

Ігар Грышанаў ад імя жыхароў вёскі Стаўры падаў скаргу на кіраўніцтва «Аршанскай птушкафабрыкі» з нагоды зносу клуба ў іх вёсцы.

Стаўроўскі сельскі клуб быў адзіным грамадскім будынкам на тры вёскі Бабінічскага сельсавета: Стаўры, Нарэйкава і Свісцёлкі. Тут праходзілі канцэрты, сходы, сустрэчы з дэпутатамі, тут вялі прыём вяскоўцаў выязныя ўрачы.

Улетку 2014 года «Птушкафабрыка Аршанская» зруйнавала клуб бульдозерам. Рэшткі былі звезеныя і кінутыя ў Нарэйкаўскім лесе. Кіраўніцтва прадпрыемства прызнала будынак аварыйным і немагчымым для далейшага выкарыстання.

Калі вяскоўцы даведаліся пра намер знесці клуб, яны звярнуліся да кіраўніцтва птушкафабрыкі, каб перадалі або прадалі будынак ім. Напісалі ліст прэзідэнту Беларусі, звярталіся ў Аршанскі райвыканкам і Віцебскі аблвыканкам.

Але на просьбы стаўроўцаў пакінуць будынак у карыстанне кіраўніцтва фабрыкі адказала, што будынак клуба пабудаваны ў 1935 годзе і знаходзіцца ў аварыйным стане, небяспечны для жыцця, знос складае 100 адсоткаў.

Адказ такога зместу быў дадзены А.А. Пашкевічам, дырэктарам ААТ «Птушкафабрыка Аршанская» 18 жніўня 2014 года.

У гэтую байку мог бы паверыць любы, але не жыхары Стаўроў. Яны выдатна ведаюць, што будынак клуба, пабудаваны ў 1935 годзе, згарэў у 1985.  У 1986 годзе яго пабудавалі нанова, а ў 1987 годзе – абклалі цэглай. Многія прымалі непасрэдны ўдзел у яго пабудове.

За год да зносу клуба, у 2013 годзе, быў зроблены ў будынку рамонт, на гэта былі выдаткаваныя немалыя сродкі.

І вось пакуль вяскоўцы пісалі чалабітныя лісты па інстанцыях, чакалі адказаў, потым ездзілі на асабістыя прыёмы да чыноўнікаў у надзеі вырашыць станоўча пытанне, усе тэрміны на зварот у суд мінулі. Суддзя не палічыла гэта важнай прычынай.

Жыхары трох вёсак будуць дамагацца, каб для іх быў пабудаваны новы клуб. На сённяшні дзень у Стаўрах жывуць 66 чалавек. Зыходзячы з агульнай сітуацыі ў сельскай гаспадарцы ў Беларусі і вымірання вёсак, гэта нямала. Да таго ж тут жывуць людзі рознага ўзросту, многія вярнуліся з гарадоў у дамы сваіх бацькоў, спрабуючы адрадзіць вёску.

[Not a valid template]

На фота – клуб на першай стадыі разбурэння. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб зразумець, што гэты будынак не належыць да пабудоў 1935-х гадоў.

З экранаў тэлевізараў людзі чуюць пра тое, як клапоціцца пра грамадзянаў Беларусі ўрад. А атрымліваецца, як у анекдоце, дзе дзіця, гледзячы праграму па БТ, кажа: «Я таксама хачу жыць у такой Беларусі».

Напярэдадні пасяджэння суда, 23 красавіка, Ігару Грышанаву патэлефанавалі з Бабініцкага сельсавета і сказалі, што бярозкі, якія пасаджаныя побач з яго участкам, трэба прыбраць, бо яны перашкаджаюць ААТ «Птушкафабрыка Аршанская». Гэтыя 15 бяроз пасадзіў Грышанаў чатыры гады таму ў памяць пра 15 нявінна загінулых падчас выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Менску 11 красавіка 2011 года.

Крысціна Авакумава, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі