Старшыню Партыі БНФ прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці
Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва выклікаюць у міліцыю дзеля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасці.
Увечары 5 студзеня дахаты да старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва прыйшлі міліцыянты, якія хацелі ўручыць палітыку позву ў міліцыю. Як мяркуе Рыгор Кастусёў, позва звязаная з ягоным удзелам у акцыях у абарону незалежнасці, што прайшлі напрыканцы мінулага году ў Беларусі.
Прымаць позву старшыня Партыі БНФ адмовіўся і ў выніку праваахоўнікі кінулі яе ў паштовую скрыню. Паводле позвы, Рыгора Кастусёва выклікаюць на 10 студзеня ў РАУС Шклоўскага раёна ў якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.
На падставе мінулага досведу палітык выказаў перасцярогу, што цяпер праваахоўнікі будуць яго «лавіць на вуліцы, або ў дарозе, як гэта было ў мінулыя разы».
Нагадаем, што 20 снежня, выступаючы падчас акцыі ў Менску старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў: «2020 год – год стагоддзя Слуцкага збройнага чыну. Амаль 100 гадоў таму нашы продкі ўзялі зброю і пачалі абараняць нашу незалежнасць. І мы павінны быць гатовыя да гэтага. Калі трэба – абараняць краіну са зброяй у руках».
Прэсавы сакратар ПБНФ