Статкевіч агучыў маршрут акцыі на Дзень Волі



У вечаровым эфіры тэлеканала „Белсат” лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч агучыў планы на 25 сакавіка ў Менску.

Ці дазволяць улады акцыю 25 сакавіка, пакуль невядома — першую заяўку згубілі, але актывісты падалі другую.

Шэсце на Дзень Волі, паводле ягонага плану, мае пачацца а 14-й гадзіне каля Акадэміі навук, па другі бок вуліцы ад кінатэатра „Кастрычнік”, адтуль Статкевіч прапануе пайсці па праспекце Незалежнасці да плошчы Незалежнасці. А на плошчы прыняць план далейшых дзеянняў.

Па дарозе магчымае ўскладанне кветак да месца, дзе 25 сакавіка 1918 года была прынята Трэцяя Устаўная грамата БНР — будынка па вуліцы Валадарскага, 9.