Статкевіч і Афнагель сустрэліся з гарадзенцамі
У Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця адбылася сустрэча з лідарамі Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалаем Статкевічам і Яўгенам Афнагелем. На сустрэчу з палітыкамі прыйшло паўсотні гарадзенцаў, якіх хвалявалі як палітычныя, так і сацыяльна-эканамічныя пытанні. Сваімі ўражаннямі з сустрэчы падзяліўся Мікалай Статкевіч:
– Сабралася найперш патрыятычная аўдыторыя. Безумоўна, іх цікавілі сацыяльныя пытанні, але людзі бачаць гэтую чарговую саюзную вакханалію і іх вельмі хвалюе лёс краіны. Яны вельмі баяцца, што Лукашэнка проста здасць нас з трыбухамі. Яны ўжо задаюць пытанні і думаць, як абараніць Беларусь, у тым ліку такія пытанні задавалі мужчыны, якія казалі, што, напрыклад, ва Украіне дзяржава хоць узброіла людзей для абароны незалежнасці, а ў нас гэтага можа не быць, і што тады рабіць.
Яўген Афнагель прадставіў на сустрэчы дзеянні БНК падчас будучых палітычных кампаній.
– Беларускі нацыянальны кангрэс выкарыстае парламенцкую кампанію дзеля сваіх мэтаў, дзеля таго, каб абудзіць палітычную актыўнасць, разгадаць крышку сітуацыю ў грамадстве. Мы разумеем, што выбараў няма. Усе беларусы разумеюць, што выбараў няма і іх галасы не лічаць. Але мы выкарыстаем гэтую кампанію менавіта дзеля дасягнення сваіх мэтаў. Галоўнае ўсё ж для нас – гэта прэзідэнцкія выбары. У кожным разе, змены ў краіне, змены сітуацыі магчымыя толькі праз масавы пратэст.
Апроч сустэчы з палітыкамі з Менска, быў прадстаўлены новы прадстаўнік БНК у Гародні. Ім стаў Мікалай Салянік – кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі па Гарадзеншчыне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня