Статкевіч выйшаў на волю пасля пяці сутак арышту
Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч увечары 3 траўня выйшаў на волю з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску пасля пяцісутачнага арышту.
Статкевіч паведаміў журналістам акалічнасці свайго затрымання ўвечары 28 красавіка. Палітык, паводле яго слоў, выйшаў з офіса прафсаюза РЭП на вуліцы Кульман у Менску і накіраваўся ў бок праспекта Незалежнасці, дзе і быў затрыманы сілавікамі. „Аўтамабіль прыпыніўся, яны кінуліся на мяне. Гаварылі „міліцыя”, махалі нейкімі пасведчаннямі”, — расказаў Статкевіч. Затым яго зацягнулі ў мікрааўтобус, у якім знаходзіўся адзін супрацоўнік АМАПа ў форме і пяцёра ў цывільным. Пасля гэтага мікрааўтобус паехаў на Кастрычніцкую плошчу, дзе спыніўся.
Статкевіч мяркуе, што на той момант не было загаду, куды менавіта яго дастаўляць. Аднак пасля таго як адзін з сілавікоў пагутарыў па тэлефоне з кіраўніцтвам, палітыка адразу ж павезлі ў ЦІП на Акрэсціна.
Паводле слоў Статкевіча, адзіным адказам на пытанне, за што яго затрымліваюць, быў адказ: „Вы асуджаны”. Праз некаторы час у ЦІП з Ленінскага суда Менска прывезлі пастанову, згодна з якой палітык быў асуджаны яшчэ 7 красавіка на пяць сутак адміністрацыйнага арышту. У чым менавіта яго абвінавацілі, Статкевіч да гэтага часу дакладна не ведае. За час знаходжання ў ЦІП да яго пад рознымі падставамі не пускалі адваката.
Сваё затрыманне перад планаванай акцыяй 1 траўня палітык расцаніў як нейтралізацыю яго „як лідара”. Адказваючы на пытанне аб планах па арганізацыі новых вулічных акцый, ён не выключыў іх правядзенне. „Я думаю, што ў найбліжэйшы час будзем нейкія рашэнні прымаць”, — сказаў Статкевіч, удакладніўшы пры гэтым, што не будзе хавацца ад праваахоўных органаў.
Сувязь з Мікалаем Статкевічам, які заклікаў грамадзян выйсці 1 траўня на Кастрычніцкую плошчу Менска з сацыяльна-эканамічнымі патрабаваннямі, знікла ўвечары 28 красавіка. На наступны дзень яго жонцы патэлефанавалі з Ленінскага РУУС і паведамілі, што Статкевіч асуджаны судом Ленінскага раёна на пяць сутак адміністрацыйнага арышту і знаходзіцца ў ЦІП.
Напярэдадні акцыі апазіцыі 25 сакавіка Статкевіч таксама быў ізаляваны. У МУС і КДБ сваякам і журналістам заяўлялі, што ім нічога не вядома пра месцазнаходжанне палітыка, аднак пасля Статкевіч расказаў, што яго на працягу некалькіх дзён утрымлівалі ў СІЗА КДБ і дапытвалі па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы „масавых беспарадкаў”. Гэтую інфармацыю ў КДБ абверглі.
belapan.by