Статкевіч заклікаў выйсці на плошчу 7 ліпеня



Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч падтрымаў ідэю актывіста „Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага выйсці 7 ліпеня а 18:00 на Кастрычніцкую плошчу, каб запатрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў, а таксама выказаць пратэст супраць вучэнняў „Захад-2017”.

– Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса выказвае ўдзячнасць усім мужным патрыётам, якія прынялі ўдзел у нашай акцыі 3 ліпеня ў Мінску. Нават падрыхтоўка да выхаду на плошчу прымусіла рэжым вызваліць незаконна затрыманых па крымінальнай справе „тэрарыстаў”. А таксама паказала рашучасць патрыётаў супрацьстаяць унутранай акупацыі краіны і абараняць яе ад знешняй пагрозы.

Рада БНК заяўляе пра падтрымку пікета, які адбудзецца 7 ліпеня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінска, і яго патрабаванняў вызвалення і рэабілітацыі ўсіх без выключэння палітвязняў. Мы таксама выказваемся супраць масавай прысутнасці ў краіне замежных вайскоўцаў на вучэннях у верасні. Мы лічым, што яны пагражаюць незалежнасці Беларусі і могуць ўцягнуць нашу краіну ва ўзброеныя канфлікты.

Рада БНК заклікае патрыётаў скарыстацца ўсімі магчымасцямі, якія стварае ў гэтыя дні сесія Парламентскай асамблеі АБСЕ, каб галосна заявіць пра сваю пазіцыю.

Свабоду палітвязням! За мірную Беларусь!