Статкевіч запрасіў еўрадэпутатаў назіраць за акцыяй „Ланцуг памяці”



Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч накіраваў электронны ліст дэлегацыі Еўрапарламента, якая наведае Беларусь, з прапановай 29 кастрычніка ўзяць удзел у назіранні за акцыяй „Ланцуг памяці” (не санкцыянаваная ўладамі) каля будынка КДБ у Менску.

Еўрапейскую дэлегацыю, якая будзе знаходзіцца ў Беларусі з 28 па 30 кастрычніка, узначаліць старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі.

У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС, дзе зараз размяшчаецца следчы ізалятар КДБ, было расстраляна больш за 130 чалавек — навукоўцаў, літаратараў, лекараў, грамадскіх дзеячаў, кіраўнікоў, работнікаў сістэмы адукацыі, будаўніцтва, прамысловасці, гандлю. Летась у акцыі „Ланцуг памяці” ўзялі ўдзел каля 25 чалавек.

„Я прапанаваў удзельнікам дэлегацыі ўзяць удзел у гэтым мемарыяльным мерапрыемстве, удзельнікі якога будуць стаяць са свечкамі каля будынку КДБ. Я падкрэсліў, што гэта сведчыла б пра іх і дэпутатаў Еўрапарламента вернасць ідэалам дэмакратыі і свабоды”, — паведаміў БелаПАН палітык.

Статкевіч таксама лічыць, што акцыя адбудзецца ў любым выпадку, нават пры яго затрыманні.

Плануецца, што палітык сустрэнецца з дэлегацыяй Еўрапарламента 30 кастрычніка.

belapan.by