Статкевіча і Някляева чакаюць у судзе 23 сакавіка
20 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Менска не адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў апазіцыйных палітыкаў Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева за іх удзел у несанкцыянаванай акцыі — яны не з’явіліся ў суд.
Як паведаміла БелаПАН памочнік старшыні Менскага гарадскога суда Настасся Шыльвян, разгляд спраў прызначаны на 23 сакавіка. Фігурантам пра гэта будзе паведамлена. Далей, калі яны не прыйдуць у суд, то іх могуць даставіць прымусова.
Нагадаем, раней Някляеў паведаміў БелаПАН, што ў дачыненні да яго суд Ленінскага раёна будзе разглядаць справу па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторнае парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства і ўдзел у ім). Аналагічны адміністрацыйны разбор пагражае і Статкевічу.
Някляеў мяркуе, што пакаранне яму пагражае за ўдзел у мітынгу і шэсці супраць дэкрэта №3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” 17 лютага. Ён не выключае, што ўлады доўга цягнулі з разглядам адміністрацыйнай справы, каб ізаляваць яго ад удзелу 25 сакавіка ў шэсці на Дзень Волі (акцыі з нагоды чарговай гадавіны абвяшчэння ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі).
У „Маршы раззлаваных беларусаў” 17 лютага ў Менску ўзяла ўдзел каля трох тысяч чалавек.