Беларускі закон аб грамадзянстве чакае разгляду ў другім чытанні (абноўлена)



“Цяпер беларусы паводле паходжання ў незалежнасці ад краіны нараджэння ў спрошчаным парадку змогуць атрымаць грамадзянства Беларусі, і гэта станоўчы крок”, – кажа былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Міхаіл Пастухоў, але з іншага боку ўводзіцца дастаткова доўгі тэрмін сталага пражывання ў Беларусі для іншых асобаў.

Для атрымання грамадзянства 7 гадоў сталага пражывання на тэрыторыі Беларусі – гэта кансерватыўны крок. Ад такога доўгага тэрміну шмат якія краіны ўжо адмовіліся. Дзесьці – 5 гадоў, дзесьці – 3 гады. Пры гэтым прадуглежаны шэраг выключэнняў, каб атрымліваць у паскораным парадку, напрыклад, калі замежнік бярэцца шлюбам з грамадзянінам краіны.

Як адзначае канстытуцыяналіст Міхаіл Пастухоў, праект зменаў у Закон аб грамадзянстве так і не вырашае супярэчнасці з рэдакцыяй Канстытуцыі Беларусі ад 1996 года, якая заключаецца ў тым, што з аднаго боку грамадзяне Беларусі маюць аднолькавыя правы, але права стаць прэзідэнтам мае толькі асоба народжаная на тэрыторыі Беларусі.

Таксама няясным застаецца пытанне падвойнага грамадзянства, якое можа трактавацца адвольна.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Атрымаць беларускае грамадзянства цяпер стане лягчэй. Гэта вынікае з паправак да закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», які 2 красавіка прынялі ў першым чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Галоўная навацыя ў змяненні — гэта спрошчаны парадак атрымання грамадзянства Рэспублікі Беларусь тымі людзьмі, якія раней не з’яўляліся грамадзянамі СССР.

Грамадзяне, якія нарадзіліся пасля распаду Савецкага Саюза, нарадзіліся па-за межамі Рэспублікі Беларусь, але маюць этнічныя беларускія карані, цяпер, калі гэта папраўка да заканадаўства запрацуе, змогуць атрымаць беларускае грамадзянства ў спрошчаным парадку.

Таксама прэтэндаваць на беларускае грамадзянства змогуць дзеці, якія нарадзіліся ў Рэспубліцы Беларусь ад бацькоў без грамадзянства.

Законапраектам таксама ўстаноўлены так званы цэнз аседласці. Гэта азначае, што для таго, каб хадайнічаць аб атрыманні беларускага грамадзянства, чалавеку трэба пражыць без выезду на тэрыторыі Беларусі не менш за 7 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота pniva.by