Статус бежанца ў Беларусі на 1 студзеня атрымалі 934 чалавекі
Статус бежанца на 1 студзеня 2018 года ў Беларусі афіцыйна атрымалі 934 чалавекі, паведамляе міжнароднае грамадскае аб’яднанне па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах „Развіццё”, спасылаючыся на звесткі дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС.
Больш за ўсё ў Беларусі бежанцаў з Афганістана — 630. На другім месцы Грузія — афіцыйны статус у Беларусі атрымалі 136 вымушаных мігрантаў з гэтай краіны. На трэцім — Сірыя (36), далей ідуць Таджыкістан (32) і Азербайджан (30).
Сярод мігрантаў з зоны ваеннага канфлікту ва Украіне бежанцамі прызнаныя чатыры чалавекі, яшчэ 2.178 украінцаў знаходзіліся ў статусе асоб, якія атрымалі дадатковую абарону ў Беларусі.
На 1 студзеня 2018 года дадатковую абарону ў Беларусі атрымалі 2.397 замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.
Для параўнання, у 2016 годзе дэпартаментам і ўпраўленнямі па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканкама і УУС аблвыканкамаў былі прынятыя рашэнні ў дачыненні да 830 замежнікаў, якія хадайнічалі аб абароне, што складае 68,1% ад аналагічнага паказчыку папярэдняга года (2015 год — 1.219 чалавек.).
Паводле інфармацыі МУС, з 2004 года па першае паўгоддзе 2017 года з хадайніцтвам аб наданні статусу бежанца, дадатковай абароны або прыстанку ў Беларусі звярнуліся 4.385 іншаземцаў з 67 краін.
Фота sb.by