Ці з’яўляецца ЕГУ беларускім універсітэтам? (абноўлена)



Больш за 50 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі выступілі з заявай з нагоды выбараў новага рэктара ЕГУ.

«Хоць выбары рэктара ЕГУ абвешчаныя завершанымі, з іх вынікамі пагадзіцца немагчыма. Лёс універсітэта трапіў у рукі чалавека, які не толькі ніколі не займаўся беларускімі справамі, але нават не знаёмы з сітуацыяй у нашай краіне і ў рэгіёне”, — чытаем  у заяве.

«Таварыства беларускай мовы захоўвае 50 тысяч подпісаў для новых уладаў у Беларусі за стварэнне беларускага ўніверсітэта», – пра гэта паведаміў старшыня ТБМ Алег Трусаў, які сярод іншых паставіў свой подпіс пад заклікам стварыць Нацыянальны ўніверсітэт.

Такая прапанова ўзнікла у беларускай грамадзянскай супольнасці пасля прызначэння амерыканца Дэйвіда Поліка рэктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта – беларускага ВНУ у выгнанні.

Алег Трусаў лічыць, што ЕГУ ніколі не быў беларускім:

Гэта было створана ў Беларусі за маскоўскія грошы, ён ніколі беларускім не быў. І гэтая гульня ў беларускасць паказала вось зараз, хто фінансуе і хто музыку заказвае. ЕГУ стваралі як фарпост «рускага міру». Так атрымалася, што з уладамі яны палаяліся, із выгналі… Яны ў Вільні там гулялі ў гэтую беларускасць, але ўся гэта гульня скончылася. 

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас лічыць, што галоўным паказчыкам, паводле якога ЕГУ нельга лічыць беларускім – з’яўляецца мова навучання:

– Калі ўзнікненне ды існаванне ЕГУ трактуецца, як дапамога Беларусі, то выкладанне там павінна весціся на беларускай мове, інакш гэта нонсенск, гэта проста яшчэ адзін універсітэт, які выконвае функцыі адлучэння беларусаў ад беларускай мовы. Менавіта гэтым і займаўся універсітэт. 

Кіраўніцтва Еўрапейскага ўніверсітэта ў сваю чаргу распаўсюдзіла заяву ў беларускіх СМІ, дзе прыводзіць доказы беларускай накіраванасці ўніверсітэту. Сярод іх – тое, што 95% студэнтаў ЕГУ з’яўляюцца беларусамі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Аўтары заявы ад беларускай інтэлігенці  падкрэсліваюць, што з новым кіраўніцтвам ЕГУ «пераўтвараецца ва ўніверсітэт каланіяльнага тыпу, камерцыйны праект, у якім беларусы выключаныя з удзелу ў прыняцці вызначальных рашэнняў».

Прынцыпам дзейнасці новага ўніверсітэта мае стаць не «Больш беларусаў у Еўропу», а «Больш Еўропы ў Беларусь».

Заяву падпісалі больш за 50 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, палітыкаў, дзеячаў асветы, культуры і мастацтва.

Беларускае Радыё Рацыя