Статыстыка смерцяў ад каронавірусу выглядае заніжанай
Віцебскі матэматык Павел Максімаў аналізуе статыстыку эпідэміі каронавірусу, якую падае Міністэрства аховы здароўя.
Яшчэ ў сакавіку ён звярнуўся да беларускай грамадскасці з папярэджаннем пра небяспеку, прааналізаваўшы дадзеныя пра хваробу ў Кітаі. З дапамогай камп’ютарнай праграмы ён робіць прагнозы развіцця эпідэміі, прычым “кітайскі” спраўдзіўся з дакладнасцю 5%. Паводле даследчыка, у тыя дні, калі ў Беларусі працавала місія Сусветнай аховы здароўя, колькасць выпадкаў заражэння каронавірусам была на 200-250 адзінак большай, чым у іншыя дні. Але самыя вялікія падазрэнні выклікае статыстыка смерцяў, кажа Павел Максімаў:
– Калі ў Кітаі было выяўлена 9 832 выпадкі, на той момант у іх было 213 смерцяў. А ў нас і калі было выяўлена 400 хворых, смерцяў у суткі фіксавалі 3-4, і калі 10 тысяч, зноў 3-4 смерці. Графік смерцяў павінны паўтараць графік выяўлення хворых, хаця б прыблізна! А ў нас ён у выглядзе простай лініі.
Даследчык прыгадвае словы Аляксандра Лукашэнкі: “У нас ад каронавірусу ніхто не памёр і не памрэ”, а таксама шматлікія паведамленні ў сацыяльных сетках пра тое, што каронавірус не запісваюць у якасці прычыны смерці хворага. Паводле Паўла Максімава, сумнёўным выглядае і абяцанне Міністэрства аховы здароўя пра пік эпідэміі ў канцы красавіка-пачатку траўня. На графіках выразна відаць, як “узляцела” колькасць выяўленых хворых 23-га і 24-га красавіка – праз 12 дзён пасля каталіцкага вялікадня і Вербнай нядзелі ў праваслаўных. Згодна з прагнозам, 9 траўня колькасць хворых на каронавірус сягне за 20 тысяч. І калі людзі не застануцца на самаізаляцыі і пойдуць на парад, піка эпідэміі варта чакаць не раней канца траўня.
Цалкам гутарка з Паўлам Максімавым – у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск