Статыстыка смяротнасці на працоўных месцах – заніжаная



28 красавіка адзначаецца Сусветны дзень аховы працы. Гэтая дата заклікае чыноўнікаў і працоўных звярнуць увагу на праблемы, звязаныя з аховай працы.

Паводле дадзеных міжнародных прафсаюзаў, штогод у свеце на працоўным месцы гіне каля шасці тысяч чалавек. У Беларусі за мінулы год на прадпрыемствах загінулі 123 чалавекі. “Кожны працадаўца абавязаны стварыць бяспечнае працоўнае месца,” – кажа інспектар па ахове працы Наталля Грышкавец.

– Калі нешчаслівы выпадак меў месца ў выніку парушэння патрабаванняў аховы працы, то працадаўца можа панесці адміністрацыйную адказнасць: фізічная асоба заплоціць штраф, а юрыдычная – штраф, а нават можа панесці крымінальную адказнасць. Вытворчая траўма – гэта пашкоджанні, якія працаўнік атрымаў у працоўны час на тэрыторыі прадпрыемства або выконваючы даручэнні працадаўцы па-за межамі прадпрыемства.

Паводле афіцыйных дадзеных Міністэрства аховы працы і сацыяльнай абароны, неспрыяльныя ўмовы для працы выяўлены на буйных прадпрыемствах краіны, у тым ліку на “Белнафтахіме”.

* * *

На працоўных месцах у Менску летась загінулі 17 чалавек, траўмаваныя сто сем. Паведаміла на прэсавай канферэнцыі начальнік аддзела аховы працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Менскага гарвыканкама Наталля Несцяровіч. Па яе словах, сёлета у параўнанні з мінулым годам паказчыкі не змяніліся – загінулі тры чалавекі.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук мяркуе, што статыстыка заніжаная і тлумачыць прычыны:

— Фармальна ў 95% выпадкаў няшчасныя здарэнні, у тым ліку і са смяротным вынікам, адбываюцца якраз па прычыне саміх працаўнікоў, але д′ябал, як заўсёды, хаваецца ў дэталях. У камандна-адміністрацыйнай сістэме па-іншаму не можа быць. Калі працаўнік атрымоўвае нейкае калецтва ці траўму, яму адразу прапаноўваюць: «Не кажы, што гэта было на вытворчасці, скажы, што гэта было дома». А людзі часцяком клююць на гэтую вуду і потым маюць вялізарныя праблемы. А статыстыка проста хаваецца.

Пацярпелыя на вытворчасці рэдка звяртаюцца па дапамогу, а калі ўсё ж звяртаюцца, дык надта позна – атрыманае пашкоджанне ўжо аформленае як бытавое. «Для таго, каб у такіх выпадках людзі абаранялі свае правы ў судзе, праводзяцца шматлікія семінары для працоўных», — дадае Аляксандр Ярашук.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя