Статыстыку па анкалогіі ў Беларусі знайсці практычна немагчыма
У першыя дні пасля катастрофы на ЧАЭС савецкія ўлады хавалі інфармацыю ад грамадства. У выніку насельніцтва атрымала крытычныя дозы апраменьвання і ёдавы ўдар па шчытавіднай залозе. Чарнобыльскі ліквідатар і педагог Адам Варанец гаворыць, што праз чвэрць стагоддзя бяда пагрукалася ў ягоны дом.
– Гады чатыры таму дачцы зрабілі аперацыю, выдалілі пухліну. Выдалілі звычайную, і што за наша дыягностыка, аказалася што анкалогія. Апраменьвалі. Не прайшло і года, зноў скардзіцца…
Навуковец-радыёбіёлаг Віктар Хоміч заўважае, што ўлады ў СССР у першыя дні пасля выбуху рэактара паводзілі сябе як злачынцы і некампетэнтныя кіраўнікі.
– Было выкінута 12 мільёнаў кюры радыёактыўнага ёду. Тады шчытавідка свяціла, можаце сабе ўявіць, 5 тысяч мікрарэнген. Свяціла шчытавідка і ў дарослых, і ў дзяцей у Брагіне, Хвойніках і Нароўлі. Гэта ў першыя дні аварыі.
На гэты момант на тэрыторыях, якія ў рознай ступені пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, пражывае больш за 1 мільён беларусаў. Афіцыйныя дадзеныя пра анкалагічныя захворванні ў Беларусі знайсці практычна немагчыма. У 2017 годзе Белстат апублікаваў статыстыку, згодна якой людзі, што пражываюць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях, нібыта хварэюць менш.
Беларускае Радыё Рацыя