Стэфановіч: Па справе скрадзеных палітыкаў павінна быць следства і суд



Па справе скрадзеных беларускіх палітыкаў павінна быць следства і суд, толькі яны дапамогуць дабіцца праўды, – лічыць юрыст праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч.

У размове з карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя ён прааналізаваў сенсацыйнае інтэрв’ю былога спецназаўца Юрыя Гараўскага, які заявіў, што ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве былых лідараў апазіцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. А забойствы быццам асабіста ажыццявіў Дзмітрый Паўлючэнка, у 1999 годзе камандзір вайсковай часткі спецназу 3214.

Па словах Валянціна Стэфановіча, ён уважліва паглядзеў і прааналізаваў фільм „Дойчэ веле”, дзе агучаны прызнанні Гараўскага.

Папярэдне, калі я пачуў гэтую інфармацыю, я думаў, што мы можам мець справу з інфармацыйным укідам, падрыхтаваным у Расеі, напярэдадні перамоваў Лукашэнкі і Пуціна 20 снежня, згадваючы папярэднія гісторыі з трансляцыяй на НТВ фільмаў «Хросны бацька». Але калі паглядзеў фільм «Дойчэ веле», то падумаў, што гэта наўрад ці прымеркавана да 20 чысла, і бачу, што фільм рабіўся працяглы перыяд часу, здымаліся розныя персанажы – і сваякі Захаранкі, і Пургурыдас, і іншыя дзеячы. І прыходжу да высновы, што гэта хутчэй за ўсё не расейскі ўкід. І тое, што распавядае гэты чалавек, у мяне выклікае пэўны давер. Ён, канешне, не расказвае ўсё, таму што, калі мы памятаем гэтую гісторыю, то шмат якія факты ўжо вядомыя нам. Першымі ахвярамі гэтых «эксадронаў смерці» былі крымінальныя аўтарытэты. Менавіта на іх «натасківалі» гэтых людзей, напэўна ў тым ліку для таго, каб унушыць ім правільнасць іх дзеянняў, каб у іх не ўзнікала сумневаў: ці не выконваюць яны злачынны загад? Каб усведамлялі, што гэта важна, што яны бароняць такім чынам нашу краіну, нашых грамадзянаў ад гэтых «мразяў» крымінальных. Усё гэта ў сукупнасці, напэўна, прыводзіла да таго, што яны потым пытанняў і не задавалі, калі ім нейкія такія загады давалі. Але з юрыдычнага пункту гледжання, тое, што гэты чалавек сказаў – гэта прызнанне ў здзяйсненні злачынства, ці ў саўдзеле злачынства, у выкананні заведама злачыннага загаду. У звязку з гэтым у дачыненні да яго могуць распачатыя некаторыя працэдуры прававога характара. Аднак, думаю, у нас гэта ніякіх наступстваў прававых не пацягне. Хаця, на добры лад, органы следства мусілі патрабаваць яго экстрадыцыі, таму што чалавек прызнаўся ў здзяйсненні злачынства. Калі яго кваліфікаваць правільна, то гэта злачынства „супраць чалавецтва” артыкул 128-ы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, гэта «выкраданні, за якімі следуюць знікненні, сістэматычныя пазасудоваыя казні, у тым ліку па палітычных матывах”. Па гэтым артыкуле, які адносіцца да главы «Злачыствы супраць чалавецтва», няма тэрміну даўніны.

Цалкам размова ў гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя