Стэфановіч з трыбуны ПАСЕ заклікаў увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі
Увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў Беларусі заклікаў намеснік старшыні закрытага ўладамі краіны праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч. 10 кастрычніка ён выступіў на пасяджэнні камітэта па прававых пытаннях і правах чалавека Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу.
Акрамя Стэфановіча ў дыскусіі прыняў удзел старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Варанецкі, паведамляе spring96.org.
Кіраўнік парламенцкай камісіі „традыцыйна адзначыў складанасць пытання з адменай смяротнага пакарання, казаў, што Беларусь прыйдзе да яго адмены паступова”. Варанецкі нагадаў аб выніках рэферэндуму 1996 года, калі большасць грамадзян (82%) выказалася за захаванне смяротнага пакарання, спаслаўся на паступовае змяненне грамадскай думкі, адзначыўшы, што 52% грамадзян выказваюцца за смяротнае пакаранне.
Валянцін Стэфановіч даў інфармацыю аб апошніх смяротных прысудах, якія былі вынесеныя ў студзені гэтага года, і аб прывядзенні ў выкананне прысудаў у маі, спыніўся на некаторых праблемных момантах: абстаноўка сакрэтнасці, нявыдача целаў расстраляных сваякам, праблема выканання смяротных прысудаў Вярхоўным судом, якія немагчыма абскардзіць у парадку апеляцыі, хуткае прывядзенне прысуду ў выкананне — у сярэднім на працягу года, а то і за тры месяцы.
„У гэты Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання я як грамадзянін Беларусі асабіста і як прадстаўнік грамадзянскай супольнасці заклікаю чарговы раз улады Беларусі да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, бо гэта ў першую чаргу адпавядае інтарэсам нашага беларускага грамадства”, — завяршыў свой выступ Стэфановіч.
На пасяджэнні Камітэта былі прадстаўленыя апошнія сумесныя даклады праваабаронцаў „Вясны” і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) „Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах” і „Беларусь: кантроль над адвакатамі — пагроза правам чалавека”.
Паводле дадзеных камітэта па прававых пытаннях і правах чалавека Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, летась у выкананне было прыведзена больш за 1.000 смяротных прысудаў у 23 краінах свету. Лідзіруюць у гэтым спісе Кітай, Іран, Ірак, Сірыя, Пакістан.