Стагоддзе БНР у Кіеве: святкуем разам!
Святочны гала-канцэрт, прысвечаны стогадоваму юбілею БНР, пройдзе ў Кіеве. Як і ўсе беларускія імпрэзы, Дзень Волі актыўна падтрымліваюць і ўкраінцы.
Святкаванне Дня Волі мае адбыцца ў Калоннай зале Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі, і ўжо адно гэта сведчыць пра ровень разумення ўкраінцамі знакавай для беларусаў падзеі.
Канцэртная праграма, натуральна, беларуска-украінская: Сашко Лірнік, Жывасіл Люты, Тарас Кампанічэнка і Галіна Салодкая з украінскага боку, бард Андрэй Касмовіч і спявачка XENA – з беларускага.
Сярод гасцей, якія маюць выступіць на канцэрце – беларускія дабраахвотнікі, якія ваявалі на Данбасе супраць расейскіх акупантаў і іх памагатых, а таксама ўкраінскія палітычныя дзеячы.
Гала-канцэрт пройдзе пад традыцыйнымі лозунгамі “Жыве Беларусь!” і “Слава Украіне!”.
Беларускае Радыё Рацыя