Столінскія балоты могуць трапіць у еўрапейскую “Ізумрудную” сетку



На Берасцейшчыне столінскія дзяржаўныя заказнікі “Сярэдняя Прыпяць” і “Альманскія балоты” прэтэндуюць трапіць у спіс еўрапейскай экалагічнай сеткі, якая забяспечвае цэласны падыход да аховы прыроды ў Еўропе. Гэтую сетку скарочана называюць “Ізумруднай”. Ініцыятыва належыць Ахове птушак Бацькаўшчыны (АПБ). Гэта таксама будзе садзейнічаць развіццю экатурызма, які ўсё больш набывае папулярнасць у Заходніх краінах. Але тут ёсць, як станоўчыя моманты, так і негатыўныя. Беларускае Палессе мае слабую інфраструктуру, адзначае дырэктар заказніку “Сярэдняя Прыпяць” і “Прастыр” Віктар Бяленка:

– У чым асаблівасць экалагічнага турызму? Дзень турыст можа бавіцца дзе заўгодна, ім гэта падабаецца – у балоце камары іх атакуюць, і ўсялякае такое, але ўвечары, калі тур заканчваецца, яны павінны адпачываць у нармальных умовах – ні ў нейкіх там буданах і палатках, праўда, можна дзеля цікавасці зрабіць такі адзін начлег, але ў асноўным яны патрабуюць каб была цёплая вада, асобныя пакоі і добрае харчаванне.

Ініцыятары ўключэння частак Беларускага Палесся ў еўрапейскую “Ізумрудную” сетку адзначаюць, што няма праблемы ў фінансавых сродках на ахову наваколля прыроды і развіццё экатурызму, ёсць праблема ў дрэнным пошуку гэтых сродкаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bahna.land