Страйкоўца-рэжысёра Антона Грышкевіча звольнілі з працы
Антон Грышкевіч, рэжысёр і выкладчык Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, атрымаў спавяшчэнне пра звальненне з працы “за прагулы”.
25-га студзеня ён падаў заяву адміністрацыі навучальнай установы, што далучаецца да агульнабеларускага страйку, і ўжо з 26-га студзеня быў звольнены – так засведчана ў дакументах, хаця адпаведны загад быў аддадзены толькі 9-га лютага.
Антон Грышкевіч пэўны час разважаў, ці варта аспрэчваць гэтыя парушэнні, але вырашыў, што не будзе марнаваць на гэта свой час:
– Я пасажыр цягніка, уявіце сабе. З набытым квітком, усё па правілах. Цягнік, да прыкладу, ідзе ва Уладзівасток. І мне нешта не спадабалася ў гэтым цягніку. Тады я ўзяў і выйшаў. Гэта недарэчна – рабіць са мной нешта за тое, што я не хачу быць часткай гэтай сістэмы, што я выйшаў з гэтага цягніка.
Падчас страйку Антон Грышкевіч пачаў весці дзённік на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Ён разважае там пра ўласны выбар, тлумачыць свой учынак і дзеліцца меркаваннямі, якой мае быць беларуская культура ў новай Беларусі – каб не паўтарылася гісторыя са звальненнем акцёраў купалаўскага тэатра, і каб моладзь вучылася быць вольнай на якасных узорах нацыянальнага мастацтва.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск