Страйкоўцы з ТРК „Віцебск” звольніліся па пагадненні бакоў



Рэдактарка і вядучая праграмы „Время ART” Таццяна Іваноўская і галоўны інжынер тэлерадыёкампаніі “Віцебск” Уладзімір Зайцаў, якія з 24-га жніўня абвясцілі страйк, падалі заявы на звальненне.

Сямейная пара, якая адпрацавала на рэгіянальным тэлебачанні шмат гадоў, выступіла з пратэстам супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і міліцэйскага гвалту. Супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі запатрабавалі правядзення новых выбараў, вызвалення палітвязняў і пакарання супрацоўнікаў МУС, якія незаконна затрымлівалі і нявечылі ўдзельнікаў мірных пратэстаў.

Страйк распачаўся з таго, што патрабаванні былі дасланы дырэктарцы ТРК „Віцебск” Алене Панцюховай, гаворыць Уладзімір Зайцаў:

– Спавясцілі пра тое, што мы абвясцілі страйк, і наша вышэйшае кіраўніцтва – дарэктара Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, і старшыню аблвыканкама Мікалая Шарснёва. Але мы не прад’яўляем патрабаванняў да нашага мясцовага кіраўніцтва – мы хочам, каб выконваліся нашы грамадзянскія і сацыяльныя правы. Нацыянальны страйк мы падтрымліваем сваімі дзеяннямі, сваім выбарам.

Юрыдычная служба ТРК “Віцебск” патлумачыла, што пратэст Таццяны Іваноўскай і Уладзіміра Зайцава не прызнаны страйкам паводле працоўнага заканадаўства, бо закранае палітычныя праблемы. Таццяна Іваноўская кажа, што яны з мужам чакалі чагосьці падобнага:

– Дзяржава паставіла ўсіх у такую залежнасць, на жаль. І таму я не магу выступаць за пералік галасоў, за чэсныя выбары і іншае. Так, я абсалютна нязгодная з самавольствам, з беспакаранасцю, і я ў любым выпадку пасля апошніх падзеяў не стала б далей працаваць на дзяржаўным тэлебачанні. Гэта мая грамадзянская і асабістая пазіцыя.

Кіраўніцтва ТРК “Віцебск” прапанавала сямейнай пары ці неадкладна прыступіць да выканання працоўных абавязкаў, ці звольніцца. Таццяна Іваноўская і Уладзімір Зайцаў абралі апошні варыянт: напісалі заявы на звальненне па пагадненні бакоў. 26-га жніўня ў іх апошні працоўны дзень, і недзе праз тыдзень яны плануюць заняцца пошукамі новых месцаў працы.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск