Стрэлы над Прыпяццю



Сталіца Палесся – Пінск, адзначыла чарговую гадавіну вызвалення ад нацысцкай навалы. Ліпень 1944 года не прынёс спакой на Пінскае Палессе, стрэлы над Прыпяццю гучалі да 1950-х гадоў. Як мінімум у “краіне багнаў” вялі барацьбу тры сілы, але былі і іншыя…

274763_900

Аунаўцы ў лясах Берасцейшчыны. Фота з архіва абласнога УКДБ.

Кожны, хто неабыякавы да гісторыі, нават не аматар, ведае, што свой погляд на Палессе мела Армія Краёва, УПА і зразумела Саветы. З украінскім супрацівам трэба ўдакладніць акалічнасць – нават у нашыя дні ў палескіх сёлах пры ўзгадцы УПА маюць на ўвазе не “бэндэраўцаў”, а “бульбаўцаў”. Гэта ваякі падпольнай Палескай сечы на чале якой стаяў Тарас Бульба-Баравец. Але былі і тыя, хто не меў дачынення да нейкіх вайскова-палітычных груповак. Дзейнічалі атрады сялян, хутаран, якія не жадалі служыць немцам і ўладзе бальшавікоў. Імі кіравала не мара пра дзяржаўнасць, а прага да зямлі, да працы без ціску і пагроз.

Зразумела, што ў гэтым віры прысутнічаў элемент рабаўнікоў і гвлатаўнікоў, а як жа без гэтага, так заўжды. Пераважна ўдзельнікаў супраціву без палітычнай афарбоўкі Саветы называлі бандытамі. З дакументаў партыйнага кіраўніцтва Пінскай вобласці вынікае, што да 1950-х гадоў у краі дзейнічалі банды Лазіцкага і Хмары.

Таямніца ліквідацыі упаўнаважанага бальшавіцкай партыі і лідара камсамольцаў

Паміж вёскамі Махро і Калена, сучасны Іванаўскі раён Берасцейшчыны, 30 снежня 1942 года адбылася сутычка. У выніку забіты упаўнаважаны ЦК па актывізацыі падполля ў Пінскай вобласці, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, камандзір партызанскага атрада Уладзімір Нямытаў і смяротна паранены першы сакратар Пінскага абкама і гаркаму ЛКСМБ Шая Бярковіч. Па афіцыйнай версіі ліквідацыю здзейснілі нацысты альбо дыверсанты пераапранутыя пад партызан. Нібы яны сачылі за групай Нямытава і вялі яго ад месца сходу бальшавіцкага падполля. Лагічна ліквідаваць усіх падчас сустрэчы, чаго не зрабілі.

Верагодна, што упаўнаважаны са сваім суправаджэннем сутыкнуўся з атрадам невядомых. Калі б гэта была спецаперацыя, то пра такі поспех акупанты паведамілі ў справаздачы. Адказнасць за забойства ідэалагічнага ворага не ўзялі на сябе і прадстаўнікі нацыянальнага падполля. Забойства Нямытава і Бярковіча сведчыць пра складанасць сітуацыі, калі немагчыма было правесці дакладную лінію “вораг-свае”.

Забойства старшыні сельсавета за гадзіну да ўрачыстага сходу

Пасля абвяшчэння пра заняццё Берліна, старшыня Хвароснаўскага сельсавета, што ў Пінскім раёне, вырашыў правесці сход вясковага актыву. Удзельнік баёў пад Масквой, Сталінградам, Ленінградам Сільвестр Харавец пэўна і не мог уявіць, што смяротным стане бой у роднай вёсцы.

Як узгадвалі сведкі, літаральна за гадзіну да мерапрыемства, у пакой да старшыні зайшоў узброены чалавек. Адбылася невялікая гутарка, былі чутныя словы пра камунізм і непатрэбнасць савецкай улады, а пасля стрэл. Харавец з акрываўленай галавой выскачыў на двор, дзе атрымаў удар нажом. Невядомыя хутка пакінулі месца здарэння.

Вызваленчы 1944 год: акцыі супраць дэпутатаў, камсамольцаў і міліцыянераў  

Пасля ўсталявання савецкай улады па Піншчыне прайшла хваля карных акцый скіраваных на прадстаўнікоў партыі бальшавікоў. У вёсцы Каўняцін забіты чалец камсамолу Павел Шапялевіч, а ў Забараўцах старшыня тутэйшага сельсавета Іван Шляжко. У мясцовасці Лышча застрэлілі трох дэпутатаў сельсавета: Рыгора Бароўскага, Максіма Прыгодзіча і Гаўрыла Хоміча разам з усёй сям’ёй.

У снежні таго ж года невядомыя падсачылі пракурора Віктара Марозава, які ехаў з арганізацыйнага мерапрыемства і пасля допыту забілі. Праз дзень быў застрэлены Фёдар Сёмін, камандзір кавалерыйскага эскадрона НКУС у Пінску. Тады ж у перастрэлцы загінуў міліцыянер Аверкій Шчасны.

Рашэнне кіраўніцтва Пінскай вобласці: знішчаць куляй і словам      

Каб узяць кантроль над тэрыторыяй быў створаны знішчальны батальён, касцяк якога складалі чэкісты. Да яго далучалі партызанаў, падпольшчыкаў, кожнага, хто ставіўся прыхільна да новай улады. У выніку ў 1945 годзе гінулі былыя партызаны, камсамольцы. Смерць напаткала і начальніка Лагішынскага райаддзела НКУС. У баі 8 сакавіка Павел Тамілаў атрымаў смяротнае раненне. Трэба адзначыць, што лагішынская зона выклікала асаблівую занепакоенасць у саветаў. Мястэчка Лагішын, якое знаходзіцца ў 20 кіламетрах ад Пінска, атачалі дубравы і багны. Жыхары хутароў дапамагалі непакорным. Таму тут удзельнікі антысавецкага руху трымаліся да 1950-х гадоў.

Таксама шмат антыбальшавісцкіх груп знаходзілася ў лясах вакол Жабчыц. У 1945 годзе ў сутычках з імі загінуў старшыня Завідчыцкага сельсавета Дзмітрый Лапін і лейтэнант Васіль Аляхновіч.

Разумеючы, што толькі зброяй сітуацыю не выправіць, кіраўніцтва Пінскай вобласці пайшло на стварэнне прапагандысцкіх груп. Яны раз’язджалі па вёсках і агітавалі не аказваць падтрымку тым, хто хаваецца ў лясах ды балотах.

Смерць за сваяка, лепш згінуць у багне

Малодшы лейтэнант, оперупаўнаважаны НКУС Андрэй Цітарэнка атрымаў загад – 7 верасня 1946 года адвесці ў абласны цэнтр, якім тады з’яўляўся Пінск, захопленага ў палон удзельніка ўзброенага атрада. Каля вёскі Калавуравічы на праваахоўніка напаў сваяк затрыманага і забіў афіцэра. Пасля разам уцяклі ў лес.

Па ўспамінах карэннай жыхаркі Пінкавіч Марыі Хіхлюк, увесну 1946 года, да яе ўпершыню прыйшлі трое невядомых людзей. Гэта было ўначы. Папрасілі паесці і сышлі, так некалькі разоў цягам двух год. Аднойчы “чэрці з багны” прызналіся, што лепш згінуць у дрыгве, чым працаваць у калгасах.

Апошні ўдар па бальшавісцкім актыве

На пяты год пасля вызвалення Пінскага Палесся ад нацыстаў невядомымі забіты дэпутат Лука Сярэдзіч і ягоны сын Павел, старшыня сельсавета. У тым жа 1949 годзе загінуў Андрэй Сергяюк, старшыня калгаса названага ў гонар паходу Чырвонай Арміі ў “польскія крэсы” ў 1939 годзе.

Супраціў простых жыхароў бальшавікам абумоўлены іхняй палітыкай. Рэпрэсіі, знішчэнне святыняў і прымус да калгасаў сталі той самай антысавецкай прышчэпкай, калі лепш загінуць, чым месць справу з камісарам. Нехта ад крыўды браўся за зброю, а хтосьці канчаў жыццё самагубствам. Аднойчы пад Пінскам, калі партыйцы рабілі ператрус у хаце “кулака”, дапытвалі ягоную жонку, ён моўчкі выйшаў у хлеў і павесіўся.

Той перыяд – гэта вялікая трагедыя ўсяго беларускага народу, якая яшчэ не асэнсаваная.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя