Стрыт-арт у Пінску набывае сістэматычны і арганізаваны характар
У Пінску з’явілася шэраг гістарычных графіці, якія адлюстроўваюць архітэктурныя славутасці гораду. Штуршок дала праца вулічнага мастака Яўгена Сасюры на апоры былога маста праз Піну. Пасля гэтага, напрацягу верасня, мастак Андрэй Руско ствараў ужо на заходняй сцяне новага маста выявы старога Пінску. Вулічнае мастацтва ў горадзе набывае сістэматычны і арганізаваны характар. Мясцовыя ўлады са зразуменнем ставяцца да стрыт-арту. Супрацоўнік гарадскога архітэктурнага бюро Аляксей Сакалоўскі звяртае ўвагу на два станоўчыя моманты:
– Я думаю, гэта проста прыгожа. Па-другое, ёсць такі яшчэ нюанс, калі трансфарматарная падстанцыя размаляваная, не абавязкова мастакамі, мы працавалі і з групамі, якія робяць графіці, калі група намалявала графіці, то ў астатніх груп, ёсць такі кодэкс сумлення, там ужо сваё яны маляваць не будуць. Не будуць надпісы рабіць неэстэтычныя. Таму дзве прычыны. Па-першае, прыгожа. Па-другое, ніхто не будзе пісаць нейкія непрыстойнасці.
Прадстаўнікі вулічнага мастацтва гатовыя да ўзаемадзеяння на карысць гораду.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя