Сцяг зніклай імперыі на купале Музея Вялікай Айчыннай вайны
Чаму сцяг неіснуючай краіны вісіць на купале Музея Вялікай Айчыннай вайны ў самым цэнтры беларускай сталіцы? З такім пытаннем звярнуліся маладыя дэмакраты Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Міністэрства юстыцыі:
-Нам прыйшоў з Міністэрства юстыцыі адказ, што зараз свята і чарговая гадавіна Вялікай Айчынай вайны, а гэты сцяг з’яўляецца сімвалам перамогі над фашысцкай Германіяй. Таму гэты сцяг і вісіць. Але ж прайшлі ўжо ўсе святы. Калі параўноўваць сцяг былога СССР з бел-чырвона-белым сцягам, то апошні з’яўляецца сімвалам незалежнасці ў адрозненні ад сцяга Савецкага Саюза, дзе быў таталітарны рэжым, дзе ні за што расстрэльвалі людзей.
Сітуацыя, калі дазволена вывешваць сцяг зніклай імперыі, а нацыянальны сцяг пад пераследам уладаў – абурае падпісантаў. Яны згадваюць, што незлічоная колькасць людзей была прыцягнута да адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці за вывешванне нацыянальнай сімволікі. Цяпер маладыя дэмакраты вымагаюць зняць сцяг з сярпом і молатам, які зневажае незалежніцкія пачуцці маладых беларусаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН