Сцяпана Латыпава этапавалі ў калонію „Воўчыя норы”
Палітвязня Сцяпана Латыпава этапавалі ў івацэвіцкую калонію №22, вядомую пад назвай „Воўчыя норы”, паведамляюць праваабаронцы „Вясны”. Там ён будзе адбываць прызначаны судом тэрмін пакарання.

Жыхара „Плошчы Пераменаў” Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня 2020-га, калі ён прасіў прадставіцца сілавікоў у сваім двары.
16 жніўня 2021-га яго асудзілі на 8,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў. Сцяпана прызналі вінаватым у стварэнні дваровага ТГ-чата, майстэрні па вырабе пратэставай сімволікі, супраціве міліцыянтам пры затрыманні. Як дырэктара кампаніі „Беларба” яго прызналі вінаватым ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін.
Падчас суда Латыпаў расказаў, што яго катавалі ў турме, прымушаючы даць патрэбныя паказанні. На судовым працэсе ён зрабіў спробу самагубства.
