Студэнта Арцёма Баярскага абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала, які прызнаны экстрэмісцкім
Нараджэнца Гародні Арцёма Баярскага звінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала, які ўлады Беларусі прызналі экстрэмісцкім.
Дзевятнаццацігадовы Баярскі абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання). Ён вучыцца на другім курсе хімічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
Як паведамілі БелаПАН родныя Баярскага, яго затрымалі 24 сакавіка ў Менску па адміністрацыйнай справе. Каля 6.30 раніцы людзі ў цывільным і масках прыйшлі ў інтэрнат, дзе жыве Арцём, правялі вобшук у яго пакоі, забралі ноўтбук і тэлефон.
Баярскага арыштавалі на 25 сутак за тое, што нібыта вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на акне 11-га паверха інтэрната. Яго сваякі сцвярджаюць, што сцяга ў пакоі не было.
Пасля адміністрацыйнага арышту Арцёма не адпусцілі. Высветлілася, што супраць яго пачатая крымінальная справа.
Неўзабаве ў праўладным тэлеграм-канале „Азаронак. СТВ” з’явілася запісанае сілавікамі відэа, у якім студэнт заявіў, што адміністраваў тэлеграм-канал і чат, прызнаныя напярэдадні экстрэмісцкімі. Пры гэтым на самым канале з’явілася паведамленне, што затрыманы студэнт ніколі не быў яго адміністратарам.
26 красавіка Баярскаму было выстаўленае абвінавачанне. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Паводле слоў сваякоў Арцёма, у СІЗА для запісу відэа яго білі па спіне і ягадзіцах. Пра збіццё Баярскі распавёў адвакату, якая ўбачыла ў яго сінякі. Родныя студэнта заяўляюць, што малады чалавек не прызнаў сваю віну на следстве. Яны перакананыя, што ён не адміністраваў ні адзін тэлеграм-канал.
16 лістапада 2020 года Баярскага затрымалі пасля маршу пенсіянераў і пакаралі 15 суткамі арышту. Тады, распавялі родныя, сілавікі прымусілі яго даць пароль ад свайго акаўнта ў „Тэлеграме”. У першыя дні зняволення Арцёма замест яго нехта іншы выходзіў у сетку. Сваякі лічаць, што тэлеграм-акаўнт хлопца даследавалі сілавікі. „Калі б ён быў адміністратарам канала, то яны б пра гэта адразу даведаліся і ўзялі канал пад свой кантроль”, — перакананыя сваякі.
Цяпер Баярскі знаходзіцца ў сталічным СІЗА № 1. У камеры няма гарачай вады. У Арцёма праблемы са здароўем з-за хворага сэрца.
У жніўні мінулага года Баярскі ў ліку прыкладна ста іншых студэнтаў адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі.
Калі Арцём быў школьнікам, то чатыры разы станавіўся прызёрам рэспубліканскіх алімпіяд па хіміі, скончыў школу з залатым медалём.
Фота: spring96.org