Студэнта віцебскай ветэрынарнай акадэміі аштрафавалі за акцыі салідарнасці



Уладзіслава Гаголку затрымалі 2-га верасня, калі ён разам з іншымі студэнтамі выйшаў на акцыю салідарнасці – на знак падтрымкі тых, каго міліцыянты збілі ў першыя дні пасля выбараў.

Да студэнтаў падышоў міліцыянт і папярэдзіў, што іхныя дзеянні незаконныя. Калі маладыя людзі пачалі разыходзіцца, да Уладзіслава падскочылі два чалавекі ў цывільным і пачалі некуды цягнуць.  І тут уключыўся інстынкт самазахавання, кажа хлопец: – Усе вы ведаеце, як ставяцца супрацоўнікі міліцыі да людзей. Калі народ выходзіць, яны могуць жорстка збіць, нікога не будуць слухаць. Гэтага я і баяўся. Таму і пабег. На мяне надзелі кайданкі і павялі ў аўтамабіль. Ён зноў-такі быў не службовы, а звычайны.

Тое, што хлопец пабег, у пратаколе кваліфікавалі як непадпарадкаванне міліцыянтам. Другі пратакол склалі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. А за ім і трэці: супрацоўнікі міліцыі пазналі Уладзіслава Гаголку на відэа, запісаным падчас папярэдняй студэнцкай акцыі каля віцебскага ўніверсітэта. Паводле трох пратаколаў, суддзя райсуду Кастрычніцкага раёна Уладзімір Царыкаў аштрафаваў другакурсніка на 15 базавых велічынь (405 рублёў).

Падтрымаць Уладзіслава Гаголку ў судзе прыйшлі родныя, сябры, журналісты. Праваабаронца Павел Левінаў быў уражаны, наколькі годна і шчыра трымаўся хлопец:

– Я перад студэнтам здымаю капялюш – і не толькі за тое, што ён выйшаў на акцыю салідарнасці. А яшчэ за тое, што ён на судзе чэсна і наўпрост сказаў, што ён салідарны з людзьмі, якія пратэстуюць супраць фальсіфікацыі выбараў, і з тымі, хто пратэстуе супраць гвалту супрацоўнікаў міліцыі над сваімі грамадзянамі.

Сёння ў Віцебску працягваліся суды і над затрыманымі падчас маршу салідарнасці, які прайшоў у мінулую нядзелю. Некаторых утрымлівалі за кратамі аж да сённяшняга дня, і цяпер суды агучваюць рашэнні пра пакаранні арыштамі – якраз на тыя трое сутак, што людзі ўжо адбылі ў зняволенні.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск