Студэнтаў Інавацыйнага ўніверсітэту перавялі ў БНТУ



64 студэнты Менскага інавацыйнага інстытуту змогуць атрымаць дыпломы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту па спецыяльнасцях, на якія Мінадукацыі пазбавіла МІУ акрэдытацыі.

Да канца снежня студэнтаў перавядуць у БНТУ, дзе дадуць ім магчымасць абараніць дыпломныя працы, здаць экзамены і атрымаць дыпломы дзяржаўнага ўзору. Інфармацыю пацвердзіў „Свабодзе” рэктар МІУ Мікалай Суша. Ён адзначыў, што міністэрства выконвае свае абяцанні студэнтам.

Але што да асноўнага канфлікту — пазбаўлення МІУ акрэдытацыі і магчымасці навучаць па пяці спецыяльнасцях, — дык ён застаецца нявырашаным, – кажа рэктар. Апеляцыя на гэтыя рашэнні фактычна была адхіленая. Але яшчэ засталіся без адказаў лісты ва ўрад і адміністрацыю Лукашэнкі.

Нагадаем, 11 лістапада 600 студэнтаў МІУ не выйшлі на вучобу на знак пратэсту супраць пазбаўлення ВНУ акрэдытацыі на навучанне па  спецыяльнасцях, якія былі ва ўніверсітэце больш за 20 гадоў. Гэта «правазнаўства», «эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве», «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій», «транспартная лагістыка» і «псіхалогія». Агулам на іх вучыліся 1600 студэнтаў.

Фота TUT.by