Студэнтаў віцебскай ветэрынарнай акадэміі пакаралі за выступ супраць уціску



«Нам не нужен поводок» – з плакатам такога зместу 8 верасня да галоўнага корпуса акадэміі выйшаў студэнт трэцяга курса Кірыл Бякасаў і другакурсніца Настасся Чарнавок. Абодвух студэнтаў сёння асудзілі: Кірылу абвешчана афіцыйнае папярэджанне, а Насці прысуджаны штраф памерам 5 базавых велічыняў, або 135 рублёў.

Мінулым вечарам на дзяўчыну склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, а потым змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Асудзілі яе праз Скайп, і дзяўчына на выходныя паехала дадому.

Хлопца судзілі ў адкрытым судовым працэсе ў судзе Кастрычніцкага раёну. І ён патлумачыў, што выйшаў на пікет супраць штучных абмежаванняў для студэнтаў:

– Нам зрабілі скрайне нязручны расклад – расцягнулі заняткі да 5«пар», скарацілі вялікі перапынак. Перакрылі галоўныя ўваходы ў будынак – нам даводзілася падымацца па пажарным лесвіцам, і нават на гэтых пажарных лесвіцах стаялі вахцёры або «Сапсан» – гэта наша нібыта добраахвотная дружына. І правяралі ва ўсіх студэнцкія білеты ці іншыя дакументы, якія сведчаць, што ты студэнт.

Усе гэтыя захады з’явіліся пасля таго, як студэнты некалькі разоў выйшлі на ланцугі салідарнасці – зладзілі акцыі супраць фальсіфікацый на выбарах і міліцэйскага гвалту. Некалькі чалавек тады былі затрыманыя, некаторыя з іх ужо асуджаныя да штрафаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск