Студэнцкі актывіст судзіцца з педуніверсітэтам



Учора адбылося першае паседжанне суда па справе студэнцкага актывіста Крысціяна Шынкевіча супраць беларускага педагагічнага універсітэту. Крысціян скардзіцца на незаконнае адлічэнне з вучэбнай установы пасля Дня Волі. Ён ўпэўнены, што за афіцыйнай прычынай, якая гучыць як “невыкананне абавязкаў навучэнца”, хаваецца незадаволенасць яго актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Сам моладзевы актывіст настроены рашуча і ў незалежнасці ад выніку плануе далей адстойваць свае парушаныя правы.

– Ёсць апошняя надзея на суд, але ўсе мы ведаем, як праходзяць гэтыя суды ў Беларусі. Усякае можа быць, таму што на судзе мяне могуць і аднавіць у ВНУ. Адразу пачынаецца сесія, і мяне адлічваюць, бо я сесію не здам – гэтыя два месяцы я займаўся абскарджваннем. І ўсё ж такі я буду пісаць некалькі скаргаў у суд на адказы самаго Міністэрства адукацыі і на вяртанне грашовых сродкаў, якія я плаціў за адукацыю.

Наступнае паседжанне па справе адлічанага пасля Дня Волі студэнта Крысціяна Шынкевіча прызначанае на 24 траўня. Студэнцкі актывіст кажа, што нават калі прайграе гэтую справу, то абавязкова пойдзе далей, да Вярхоўнага суда, а потым і да Камітэта ААН па правах чалавека.

Надзея Бялінская, Беларускае Радыё Рацыя