Студэнты БДУІР праводзяць аднадзённую забастоўку
Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) 16 верасня праводзяць забастоўку.
У студэнцкім тэлеграм-канале БДУІР адзначаецца, што тэрміновая забастоўка на адзін дзень аб’яўленая ў знак салідарнасці са студэнтам ВНУ Міхаілам Клачковым, які заявіў пра збіццё ў РУУС, куды быў дастаўлены пасля затрымання на нядзельным Маршы герояў у Менску.
„Адміністрацыя ўніверсітэта не дала ніякай публічнай рэакцыі на катаванне свайго студэнта. Намеснік дэкана па навучальнай працы ФІТіК (факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання. — БелаПАН.) публічна падзякавала сілавікам за 9—11 жніўня на сваёй старонцы VK (сацсетка” УКантакце”. — БелаПАН.)”, — гаворыцца ў тэлеграм-канале.
Студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у страйку, запрашаюць збірацца ля ўваходаў у чацвёрты і пяты корпусы ўніверсітэта, на лесвіцах, лаўках, у холах. „Прыходзьце ва ўніверсітэт, але не ідзіце на пары. Байкатуйце лекцыі. Калі вам вельмі неабходна схадзіць на практычныя заняткі або лабараторныя работы, ідзіце, здавайце лабу і выходзіце зноў!” — адзначаецца ў тэлеграм-канале.
Выкладчыкам, не згодным з цяперашнім палітычным рэжымам, прапаноўваецца сёння праводзіць лекцыі проста на вуліцы.
У асноўным студэнты збіраюцца ля чацвёртага корпуса БДУІР, больш масава — у перапынках паміж заняткамі. Некаторыя прыносяць з сабой плакаты рознага зместу, скандуюць „Жыве Беларусь!”.
На 15.20 арганізатары страйку запланавалі адкрыты мікрафон, дзе любы студэнт можа выказацца адносна таго, што яго хвалюе.
Таксама сёння ўжо традыцыйныя штодзённыя акцыі праходзяць у іншых ВНУ. У прыватнасці, студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта збіраюцца ў ланцугі салідарнасці, спяваюць на лесвіцах навучальных карпусоў. Студэнтаў, якія выйшлі да прыступак Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, здымаюць на камеру невядомыя ў цывільным. Паводле паведамленняў студэнтаў у інтэрнэце, тут 14 верасня ўвялі прапускны рэжым — ахоўваюць і забяспечваюць парадак ва ўніверсітэце супрацоўнікі дэпартамента аховы МУС.
У студэнцкіх чатах з’яўляюцца паведамленні, што ў некаторых універсітэтах частка груп пераводзіцца на дыстанцыйнае навучанне нібыта ў сувязі з эпідсітуацыяй, звязанай з COVID-19.
Спантанныя акцыі салідарнасці сярод студэнтаў пачаліся пасля 1 верасня, калі да пачатку студэнцкага маршу і падчас яго правядзення было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек.
Фота: bi.bsuir.by