Студэнты БНТУ застануцца на карантыне да 15 сакавіка
Cтудэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта да 15 сакавіка будуць карантыне.
У вышэйшай навучальнай установе, дзе вучыцца іранец, у якога зафіксаваны першы на тэрыторыі Беларусі выпадак каронавіруса, адменены аўдыторныя заняткі. Нягледзячы на рэкамендацыю не пакідаць беларускую сталіцу многія навучэнцы ўсё ж з’ехалі з інтэрнатаў да бацькоў, распавёў адзін са студэнтаў БНТУ:
– Закрылі ўнівер да 15 сакавіка, трымаюць у інтэрнаце, не выпускаюць. Усім іншагароднім настойліва рэкамендавана не пакідаць Менск. Можна ў краму схадзіць, толькі Менск не пакідаць. Некаторыя ўжо паз’язджалі, збіралі інфу, хто дзе ўвогуле знаходзіцца з групы. Пішуць, што аднаго ў Баранавічах ужо ў інфецыёнку паклалі з высокай тэмпературай. Учора былі ў васьмі аптэках, няма нідзе масак. Медагляд з раніцы праводзілі – мерылі тэмпературу.
Раней прэс-служба Міністэрства аховы здароўя праінфармавала, што ў Беларусі зарэгістраваны першы завазны выпадак каронавіруса новага тыпу, ён выяўлены ў іранскага студэнта БНТУ, які прыбыў рэйсам з Баку. Пацыент і асобы, якія з ім кантактавалі, змешчаны ў зачыненыя боксы ў менскім інфекцыйным шпіталі. Акрамя таго, праводзяцца эпідэміялагічныя мерапрыемствы са студэнтамі, з якімі ён вучыўся, яны пераведзены пад медыцынскае назіранне.
Беларускае Радыё Рацыя