Студэнты і выпускнікі мехмата БДУ запатрабавалі вызвалення палітвязняў і новых выбараў



1340 студэнтаў і выпускнікоў механіка-матэматычнага факультэта БДУ патрабуюць вызвалення палітвязняў і правядзення сумленных выбараў, паведамляе телеграм-канал «Баста!».

«Апошнія некалькі дзён назіраем вельмі лютае прымяненне сілы да мірных пратэстоўцаў з боку сілавых структур, – гаворыцца ў звароце студэнтаў. – Многія нашы суайчыннікі былі збітыя і абстраляныя падчас мірных дэманстрацый. Некалькі чалавек было забіта. Было затрымана шмат грамадзян, якія не мелі непасрэднага дачынення да дэманстрацый і пратэстаў. Не можам спакойна назіраць за ўсім гэтым. Хочам жыць у краіне, дзе выбары праходзяць сумленна, без фальсіфікацый і на роўных умовах для ўсіх кандыдатаў, дзе міліцыя забяспечвае бяспеку грамадзян, а не пагражае іх жыццю і здароўю».

Студэнты запатрабавалі:

– Сспыніць падаўленне мірных пратэстаў сілавым шляхам і спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян;

– Прыцягнуць да адказнасці ўсіх сілавікоў, вінаватых у збіцці і забойствах пратэстуючых

– Вызваліць усіх палітвязняў

– Прызнаць праведзеныя выбары несапраўднымі і правесці новыя сумленныя выбары.

Беларускае Радыё Рацыя