Студэнты МДЛУ абвясцілі аб падрыхтоўцы забастоўкі з патрабаваннем увесці ў ВНУ каранцін



Студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ) абвясцілі аб падрыхтоўцы забастоўкі з патрабаваннем увесці каранцін і дыстанцыйнае навучанне ў ВНУ. Пра гэта БелаПАН паведаміла актывістка ініцыятывы „Задзіночанне беларускіх студэнтаў” Лізавета Пракопчык.

„Пакуль студэнты МДЛУ плануюць праводзіць забастоўку 20 сакавіка, і мы чакаем, што 23-га да нас далучацца іншыя ўніверсітэты. 19 сакавіка рабілі акцыю па інфармаванні, але, згодна з агульным адчуваннем, студэнты не гатовыя”, — сказала Пракопчык. Паводле яе слоў, забастоўка папярэдне працягнецца некалькі дзён.

Арганізатары акцыі прапануюць студэнтам заставацца дома, не гуляць з сябрамі, не наведваць кіно, клубы і рэстараны. Актывісты падкрэсліваюць: сэнс акцыі — паказаць, што студэнты гатовыя перайсці на фармат дыстанцыйнага навучання, каб звесці да мінімуму кантакты з людзьмі.

Пракопчык дадала, што студэнты збіралі подпісы за ўвядзенне каранціну, але дэканат іх не падтрымаў.

Студэнцкі тэлеграм-канал „Адлічана” („Отчислено”) паведамляе, што забастоўка пройдзе з 20 па 23 сакавіка.

belapan.by